Мінск 21:07

КДБ прызнаў “экстрэмісцкімі фармаваннямі” стартап-хаб Imaguru і “Гомельскую Вясну”

15 жніўня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі 9 жніўня прызнаў “экстрэмісцкім фармiраваннем” стартап-хаб Imaguru і “Гомельскую Вясну” (падраздзяленне праваабарончага цэнтра “Вясна”). 

Адпаведныя змяненні ўнесены ў “Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, у якім цяпер 142 пазіцыі. 

Удзельнікам “экстрэмісцкага фарміравання” “Гомельская вясна” названа палітзняволеная журналістка Ларыса Шчыракова. 

У сувязі з гэтым “Гомельская вясна” 15 жніўня падкрэсліла, што Шчыракова адмовілася ад журналісцкай дзейнасці, займалася фатаграфіяй і вучылася на псіхолага. 

З 27 ліпеня ў закрытым рэжыме справу Шчыраковай разглядае Гомельскі абласны суд. Праваабаронцам вядома, што жанчыну абвінавачваюць паводле арт. 3691 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і 2 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна). 

Таксама 9 жніўня рашэннем КДБ у спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” унесены Startup Hub “Imaguru”. Адзначаецца, што група грамадзян “ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, у тым ліку праз інтэрнэт-рэсурсы, аб’яднаныя пад агульнай назвай “Startup Hub “Imaguru”. 

Удзельнікамі “экстрэмісцкага фарміравання” названы стваральніца “Startup Hub “Imaguru” Таццяна Марыніч, а таксама супрацоўнікі арганізацыі Анастасія Хамянкова, Андрэй Новак, Кацярына Болтан-Сміт. 

Imaguru пазіцыянуе сябе як панеўрапейскі стартап-хаб з цэнтрамі ў Вільнюсе, Варшаве і Мадрыдзе. У траўні 2021 года галоўны офіс Imaguru пераехаў з Мінска ў сталіцу Іспаніі пасля таго, як “рэжым пазбавіў стартап-хаб Імагуру памяшкання ў Мінску”. 

Марыніч у кастрычніку 2022 года ў інтэрв’ю “Позірку” адзначыла, што аўдыторыяй Imaguru з’яўляюцца беларускія стартапы і IT-кампаніі, якія пасля 2020 года пераехалі і працягваюць пераязджаць у Польшчу, Літву, іншыя краіны. 

У Мінску Imaguru пачаў працаваць у 2013 годзе, з’яўляўся адной з самых папулярных і вялікіх пляцовак для сустрэч бізнесменаў, прадстаўнікоў стартапаў і інвестараў. Тут праводзіліся бізнес-мерапрыемствы, функцыянаваў стартап-акселератар, праграмы рэзідэнцыі для стартапаў, праходзіла навучанне для бізнес-ангелаў. Таксама хаб даваў пляцоўку для грамадскіх і культурных мерапрыемстваў.

Падзяліцца: