Мінск 21:00

Еўракамісія “давяла” кіраўніцтву Сербіі пазіцыю і чаканні па справе Гнёта

Крыніца: тэлеграм-канал "Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"

30 жніўня, Позірк. “Еўрапейская камісія давяла кіраўніцтву Сербіі пазіцыю ў адносінах да справы спадара Гнёта і вызначыла нашы чаканні”, — гаворыцца ў лісце яе старшыні Уршулі фон дэр Ляен на адрас дэмакратычнага лідэра Святланы Ціханоўскай.

Вытрымкі з яго апублікаваны ў тэлеграм-канале беларускага палітыка.

Падкрэсліваецца, што Еўракамісія “знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з сербскім бокам”: “У прыватнасці, дэлегацыя Еўрасаюза ў Бялградзе прысутнічала на судовым слуханні — і адразу звязалася з уладамі пасля вынясення рашэння Высокага суда”.

Справа Андрэя Гнёта “павінна разглядацца ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі ў галіне правоў чалавека і стандартамі Еўрасаюза”, гаворыцца ў лісце.

Па словах кіраўніка ЕК, краіны ЕС неаднаразова даводзілі да сербскіх улад, што ордэр на арышт Гнета палітычна матываваны, а ў выпадку экстрадыцыі на радзіму ён сутыкнецца з рэпрэсіямі.

У рэлізе ўдакладняецца, што каманда офіса знаходзіцца “ў сталай камунікацыі з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі, міністэрствамі замежных спраў шэрагу еўрапейскіх краін, прадстаўнікамі структур Еўрасаюза, ЗША, ААН, а таксама Сербіі” па сітуацыі з Гнётам: “Амаль кожны дзень прадстаўнікі офіса маюць зносіны і з самім Андрэем”.

Усяго ж на палітычным узроўні структура ўцягнута ў пытанні экстрадыцыі беларусаў “больш чым у 15 краінах”.

27 жніўня ў апеляцыйным судзе Сербіі прайшло пасяджэнне па справе Гнёта, і цяпер, як паведамлялася, “у суда ёсць законны тэрмін у 30 дзён для прыняцця рашэння аб яго экстрадыцыі ў Беларусь”.

Апеляцыйны суд разглядаў скаргу на рашэнне Вышэйшага суда ў Бялградзе, які 31 траўня пастанавіў выдаць Гнета беларускім уладам. Мужчына ўтрымліваецца пад хатнім арыштам з пачатку лета.

Беларускія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі Гнета з Сербіі, абвінавачваючы яго паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Увесну актывіста было вырашана выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

41-гадовы Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград і перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на падставе запыту Беларускага бюро Інтэрпола. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Мінск сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае, што яе пераследуюць па палітычных матывах.

За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, дзеячы культуры, Еўрасаюз, сітуацыя абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

Падзяліцца: