Мінск 14:53

Кіраўнік МЗС Літвы запэўніў Коўла, што Вільнюс працягне падтрымліваць намаганні ЗША па вызваленні палітвязняў

Фота: прэс-служба МЗС Літвы

14 верасня, Позірк. Вызваленне палітычных зняволеных ёсць “надзвычай важнай гуманітарнай мэтай”, заявіў міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс 14 верасня ў Вільнюсе на сустрэчы са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.

“Мы высока цэнім лідарства Злучаных Штатаў і намаганні, якія яны робяць для вяртання свабоды людзям, што былі незаконна зняволеныя праз свае перакананні і грамадзянскую дзейнасць”, — цытуе чыноўніка прэс-служба літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

Падзякаваўшы прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і амерыканскай адміністрацыі за “паслядоўныя намаганні, скіраваныя на вызваленне палітвязняў у Беларусі”, Будрыс заявіў, што Літва “і надалей будзе аказваць усю неабходную падтрымку гуманітарным намаганням ЗША, а таксама вызваленым палітвязням”.

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі падкрэсліў, што Вільнюс працягне падтрымліваць усе намаганні, накіраваныя на вызваленне беларускіх палітвязняў, адначасова “захоўваючы прынцыповую пазіцыю па пытаннях парушэнняў правоў чалавека, рэгіянальнай бяспекі і адказнасці беларускага рэжыму за варожыя дзеянні супраць суседніх дзяржаў”.

Міністр заявіў, што ў Беларусі працягваюцца “рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці”. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што Беларусь па-ранейшаму “шчыльна інтэграваная ў архітэктуру вайсковай сферы і бяспекі РФ, працягвае падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны, а таксама садзейнічае ваеннаму ціску на Захад”.

На сустрэчы былі абмеркаваныя выклікі, звязаныя з незаконнай міграцыяй з Беларусі. Міністр адзначыў, што пасля часовага зніжэння на пачатку лета плыні незаконнай міграцыі зноў растуць, павялічваюцца і маштабы другаснай міграцыі праз Латвію.

Кажучы пра новую з’яву — тунэлі пад літоўска-беларускай мяжой, якія выкарыстоўваюцца для незаконнай перапраўкі мігрантаў, кіраўнік МЗС падкрэсліў, што яны “не могуць з’яўляцца без дапамогі беларускіх уладаў або, прынамсі, без іх ведама”.

На яго думку, гэта яшчэ адзін прыклад, які паказвае, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “працягвае выкарыстоўваць міграцыю як інструмент ціску на Еўрасаюз і яго дзяржавы-члены”.

Пра тое, што Коўл прыбудзе ў Мінск 15 верасня, Лукашэнка заявіў напрыканцы мінулага тыдня на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць).

Апошні раз спецпрадстаўнік Трампа быў у беларускай сталіцы ў сакавіку. Вынікам стала вызваленне 250 палітвязняў, з якіх 15 было выслана за мяжу, а астатнім дазволілі застацца ў краіне. Узамен ЗША адмянілі некаторыя санкцыі ў дачыненні да Мінска, у тым ліку па калійных угнаеннях.

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл выступаюць за тое, каб у вызваленых была магчымасць заставацца ў Беларусі.

Падзяліцца: