Мінск 14:26

У рамках праверкі прыводзіцца ў гатоўнасць танкавы батальён мехбрыгады ў Віцебскай вобласці

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Міністэрства абароны

14 верасня, Позірк. Прывесці танкавы батальён 19-й асобнай механізаванай брыгады (Заслонава, Віцебская вобласць) у гатоўнасць да “выканання задач паводле прызначэння ў штаце мірнага часу” распарадзіўся дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, у рамках праверкі баявой гатоўнасці 14 верасня адпаведны загад аператыўнаму дзяжурнаму на пункце кіравання Генеральнага штаба ўручыў намеснік дзяржсакратара Андрэй Гарбаценка.

Паведамляецца, што батальёну “пастаўленая задача прывесці сябе ў гатоўнасць у найкарацейшыя тэрміны, пасля гэтага здзейсніць марш у вызначаны раён, падрыхтаваць узбраенне і вайсковую тэхніку да выкарыстання, выканаць агнявыя задачы са штатнага ўзбраення, танкаў і стралковай зброі”. Пасля гэтага будуць праведзеныя “кантрольныя заняткі па тактычнай, тактыка-спецыяльнай, агнявой і фізічнай падрыхтоўцы”.

“Пачынаючы чарговы этап праверкі, мы казалі, што будзем правяраць, як функцыянуе сістэма кіравання ўсім сілавым блокам. Таму парадак давядзення такіх распараджэнняў кожны раз будзе розным. Мы правяраем, як працуе ўся сістэма кіравання, як службовыя асобы здольныя своечасова прымаць рашэнні, своечасова даводзіць задачы і кантраляваць выкананне пастаўленых задач”, — заявіў Гарбаценка.

12 верасня паведамлялася, што ў рамках праверкі 51-я гвардзейская артылерыйская брыгада (Асіповічы, Магілёўская вобласць) падвышае ступень баявой гатоўнасці.

Аляксандр Лукашэнка 11 верасня наведаў Абуз-Лясноўскі агульнавайсковы палігон (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці), дзе знаёміўся з развіццём і практычным выкарыстаннем у войсках сістэм сувязі. Размаўляючы з прадстаўнікамі СМІ, ён сярод іншага адказаў на пытанне, “ці стаіць задача праверыць увесь сілавы блок”.

“Я ўжо казаў па-народнаму: армію трэба страсянуць, надышоў час. Усю армію. Усіх праверым. Аж да мабілізацыі, — папярэдзіў палітык. — Таму ўсе Узброеныя сілы будуць правераныя. Мы сёння рэвізуем войскі сувязі, артылерыю, учора — мотастралковыя падраздзяленні. Праверылі ўнутраныя войскі МУС. Мы іх правяраем паводле прызначэння. Асаблівасць у тым, што без усякай паказухі. Я гэтага не пераношу. Паказуха — гэта хлусня. [Паказуха —] гэта значыць, што мы загубім людзей у баявой абстаноўцы. Як ёсць, так ёсць. Усё мае быць, як у баі. Так трэба рыхтаваць нашы войскі. Гэта ўрокі спецыяльнай ваеннай аперацыі (так расійскія, а ўслед за імі беларускія ўлады называюць вайну, развязаную РФ супраць Украіны. — Позірк”.). Таму страсянём усе Узброеныя сілы”.

“Робім усё, як будзе на вайне. <…> Рыхтуемся да вайны, каб яе не было”, — заявіў Лукашэнка.

Падзяліцца: