Мінск 14:16

Беларускія вайскоўцы ў складзе сіл АДКБ адпрацоўваюць у Казахстане дастаўку гуманітарных грузаў насельніцтву

Фота: Мінабароны

4 кастрычніка, Позірк. На вучэннях “Непарушнае братэрства-2024” у Казахстане міратворчыя сілы Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) адпрацоўваюць “задачы постканфліктнага ўрэгулявання — дастаўляюць гуманітарныя грузы для насельніцтва”, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

“Дастаўка грузу арганізавана наземным і авіяцыйным транспартам. Аўтамабільныя калоны суправаджаюць падраздзяленні аховы воінскіх кантынгентаў Беларусі, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана”, — адзначае ведамства.

Паведамляецца, што “асобныя аўтамабільныя калоны перапраўляюцца праз водную перашкоду па пантоннай пераправе, збудаванай інжынерна-сапёрнымі падраздзяленнямі калектыўных міратворчых сіл АДКБ”.

“У сваю чаргу лётчыкі армейскай авіяцыі на ўдарна-баявых верталётах Мі-35 выконваюць задачы вядзення паветранай разведкі і прыкрыцця калоны гуманітарнай дапамогі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што ўпершыню ў ходзе вучэнняў прымяняецца грузавая парашутная сістэма АПСДГ-250, якая абсталявана аўтаматызаваным кіраваннем, мае убудаваную навігацыю і “дазваляе дэсантаваць грузы з вышыні да 8 тыс. метраў, забяспечваючы высокадакладнае прызямленне ў зададзеным раёне”.

Гэта ўжо другія з трох вучэнняў АДКБ, у якіх гэтай восенню бяруць удзел беларускія вайскоўцы. 4 верасня беларускі воінскі кантынгент паехаў у Кыргызстан на вучэнні ў рамках АДКБ. На сярэдзіну кастрычніка ў Таджыкістане намечаныя вучэнні “Рубеж-2024 ” з падраздзяленнямі Калектыўных сіл хуткага разгортвання цэнтральнаазіяцкага рэгіёну.

Да трох згаданых вучэнняў плануецца прыцягнуць больш за 5 тыс. чалавек і звыш 900 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўленыя “ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў”. У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Улады Арменіі замарозілі ўдзел краіны ў АДКБ і загаварылі аб магчымым выхадзе з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку. Акрамя таго, армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка — праз заявы апошняга пра згаданы канфлікт на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

Падзяліцца: