Мінск 03:38

У Польшчы могуць прыпыніць права на прытулак

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск
Фота: старонка палітыка ў "Фэйсбуку"

12 кастрычніка, Позірк. Новую міграцыйную стратэгію, якая сярод іншага прадугледжвае “часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак”, прадставіць 15 кастрычніка на пасяджэнні ўрада Польшчы прэм’ер-міністр Дональд Туск, паведамляе інфармагенцтва PAP.

“І я буду патрабаваць прызнання ў Еўропе гэтага рашэння, бо мы добра ведаем, як [міграцыя] выкарыстоўваецца Лукашэнкам, Пуціным, кантрабандыстамі і гандлярамі людзьмі. Як права на прытулак выкарыстоўваецца менавіта супраць сутнасці права на прытулак, — заявіў палітык 12 кастрычніка на з’ездзе “Грамадзянскай кааліцыі”, якую ён ачольвае. — Польшча не будзе паважаць і рэалізоўваць ніякія еўрапейскія ідэі, калі мы ўпэўненыя, што яны шкодзяць нашай бяспецы”.

Туск паабяцаў, што ўрад “звядзе нелегальную міграцыю да мінімуму”. “Дзяржава павінна сачыць за тым, каб у Польшчу прыязджалі людзі, якія хочуць шчыра працаваць у Польшчы, плаціць падаткі, інтэгравацца ў польскае грамадства, вучыцца ў рэальнай ВНУ. Менавіта гэтыя людзі заслугоўваюць павагі”, — сказаў ён. Палітык падкрэсліў, што калі нехта хоча пераехаць у Польшчу для сталага пражывання, ён павінен “паважаць польскія стандарты, звычаі” і “хацець інтэгравацца”.

На думку прэм’ера, Польшчы, Еўропе і свету “абсалютна важна даць добры, сумленны, годны, але ў той жа час жорсткі адказ на выклікі і страхі, якія ўзнікаюць у сувязі з масавай міграцыяй, вялікім міграцыйным ціскам, а таксама палітыкай варожых краін, якія арганізуюць нелегальную міграцыю”.

Пасля падзей 2020 года ў Беларусі Польшча стала адной з ключавых краін, у якія шмат беларусаў уцякло ад рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Няўрадавы Цэнтр беларускай салідарнасці са спасылкай на даныя Упраўлення па справах замежнікаў паведамляў, што на 31 снежня 2023 года ў Польшчы пражывалі 118.562 грамадзяніны Беларусі з дакументамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх у краіне. Сярод іх часовы дазвол на жыхарства мелі 69.399 чалавек, пастаянны ДНЖ — 39.553, дадатковую абарону — 6.555, дазвол на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС — 1.160, статус уцекача — 578, часовую абарону — 436, іншыя падставы — 436.

Сёлета за люты — сакавік ва ўпраўленне звярнуліся па міжнародную абарону каля 3 тыс. замежных грамадзян, у тым ліку 1 тыс. беларусаў.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца міграцыйны крызіс. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Ад пачатку 2024 года Польшча, згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам статыстычных даных яе памежнай службы, прадухіліла 27,4 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі — амаль на чварціну больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (22 тыс.).

Падзяліцца: