Мінск 13:00

У двух раёнах Беларусі забаронена наведваць лясы, у астатніх дзейнічаюць абмежаванні

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

25 красавіка, Позірк. У Жабінкаўскім і Кобрынскім раёнах (абодва ў Брэсцкай вобласці) уведзена забарона на наведванне лясоў, сведчыць інтэрактыўная мапа Міністэрства лясной гаспадаркі.

Сутамі раней ва ўсіх рэгіёнах Беларусі дзейнічалі абмежаванні на наведванне лясоў, а 23 красавіка ў “зялёнай зоне” заставалася 15 раёнаў (у Магілёўскай вобласці — 10, Гомельскай — 5).

Пры забароне наведванне лясоў цалкам выключанае. Абмежаванні азначаюць, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, аднак даступныя пешыя прагулкі, збор ягад і грыбоў.

Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з 6:00 24 красавіка да 6:00 25 красавіка ў Беларусі ліквідавана восем лясных пажараў (агульная плошча — 1,22 гектара), а таксама 26 пажараў травы і кустоў (2,424 га).

Працягваецца ліквідацыя буйнога ляснога пажару, які быў выяўлены ўдзень 23 красавіка ля аграгарадка Новы Двор (Пінскі раён Брэсцкай вобласці).

“Так званы чалавечы фактар” з’яўляецца асноўнай прычынай узнікнення пажараў у экасістэмах, заявіў на прэс-канферэнцыі 10 красавіка начальнік цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ МНС Максім Клачко.

“Гэта парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры развядзенні вогнішчаў, спальванне сухой травы на корані, непатушаная цыгарэта. Маюцца выпадкі, калі кінутае проста рыззё ў аліве таксама магло стаць крыніцай узгарання і надзвычайнай сітуацыі. Нярэдкія выпадкі, калі такія пажары адбываюцца праз дзіцячае гарэзанне з агнём”, — сказаў ён.

Падзяліцца: