Мінск 12:05

Адток новай беларускай дыяспары з Грузіі працягваецца трэці год

25 красавіка, Позірк. Адток новай беларускай дыяспары з Грузіі працягваецца трэці год, сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Нацыянальнай службы статыстыкі Грузіі (Сакстат).

У той жа час казаць аб канкрэтных тэмпах скарачэння дыяспары за 2025 год і параўноўваць іх з папярэднімі гадамі цяжка: паміж тэматычнымі табліцамі на грузінскай і англійскай версіях сайта ёсць істотныя разыходжанні. Графы з лічбамі ідэнтычныя, аднак частка краін, у тым ліку Беларусь, знаходзіцца на розных месцах (гл. скрыншоты), а некаторыя прысутнічаюць у адной табліцы, але адсутнічаюць у іншай. Позірк накіраваў у Сакрат запыт з просьбай патлумачыць сітуацыю.

Паводле грузінамоўнай версіі табліцы, летась у Грузію прыбыло 1.938 мігрантаў з беларускім грамадзянствам (957 мужчын, 981 жанчына), выехала з яе — 2.065 (1.088, 977), або на 127 больш.

З англамоўнай версіі вынікае, што колькасць тых, хто прыбыў, склала 1.090 (847 мужчын, 243 жанчыны), тых, хто выехаў, — 3.070 (2.157, 913), або на 1.980 больш.

Іміграцыя ў Грузію і эміграцыя з яе ў 2025 годзе, грузінамоўная версія табліцы. Беларусь выдзеленая лініямі
Крыніца: geostat.ge / скрыншот: "Позірк"
Іміграцыя ў Грузію і эміграцыя з яе ў 2025 годзе, англамоўная версія табліцы
Крыніца: geostat.ge / скрыншот: "Позірк"

У 2024 годзе з Грузіі выехала на 147 беларускіх мігрантаў больш, чым заехала ў яе (2.598 супраць 2.451). Такім чынам, у залежнасці ад табліцы хуткасць скарачэння дыяспары ў 2025 годзе альбо зменшылася на 13,6%, альбо вырасла ў 13,5 раза.

На 1 студзеня 2026 года ў Грузіі пражывала 12.681 альбо 10.828 мігрантаў новай хвалі, ці на 9% альбо 22,3% менш, чым на 1 студзеня 2023-га (13.935).

Беларускія мігранты масава сяліліся ў Грузіі ў 2022 годзе, вынікае са звестак Сакстата. Тады прыехала 13.361 чалавек, выехала — 852 (дадатнае сальда — 12.509).

У 2021 годзе сальда таксама было дадатным (+1.426), але маштабы міграцыі меншыя: заехала 1.583 чалавекі, выехала — 157.

Агулам за пяць гадоў (2021-25) у Грузію прыбыло 22.890 або 22.042 беларускіх эмігранта, выехала з яе — 10.209 альбо 11.214.

“Асноўная праблема беларусаў тут — гэта легалізацыя“, — заявіў “Позірку” беларускі праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі і тры гады дамагаецца ад мясцовых уладаў прытулку.

“Калі пашпарт заканчваецца, немагчыма легалізавацца, “візараніцца” або па-іншаму. Дазвол на жыхарства прывязваюць да тэрміну дзеяння пашпарта“, — адзначыў Кісляк.

Грузія — “боль беларускіх дэмакратычных сіл на міжнароднай арэне“, паколькі там “вельмі складаная сітуацыя”, заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 7 лютага 2026 года ў Варшаве на слуханнях у Каардынацыйнай радзе.

“Адзінае абяцанне, якое мы змаглі атрымаць ад гэтага ўрада ўскосным шляхам, што беларусаў не будуць дэпартаваць у Беларусь. <…> Яны не будуць даваць прытулак. Гэта тое, што нам сказалі”, — адзначыла Ціханоўская.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: