“Вясна” застаецца сімвалам сумлення і падтрымкі — Ціханоўская з нагоды 30-годдзя праваабарончага цэнтра

26 красавіка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 26 красавіка павіншавала з 30-годдзем праваабарончы цэнтр “Вясна”.
“Гэтая арганізацыя з’явілася, таму што хтосьці павінен быў застацца на баку чалавека, калі дзяржава ад гэтай ролі адмовілася. На жаль, за ўсе гэтыя гады дзяржава так і не вярнулася на бок людзей. Затое “Вясна” ніколі яго не пакідала”, — гаворыцца ў віншаванні, апублікаваным у тэлеграм-канале палітыка.
Паводле яе слоў, за праваабарончую дзейнасць у Беларусі сёння “людзі плацяць свабодай”: “Яны рызыкуюць усім, каб фіксаваць праўду і абараняць тых, каму патрэбная дапамога. Немагчыма ацаніць уклад, які “Вясна” ўжо аказала і працягвае аказваць у жыцці тысяч беларусаў і беларусак”.
“Некалькі дзён таму я наведала цырымонію, прысвечаную юбілею “Вясны”. Цёпла і радасна бачыць новыя асобы сярод праваабаронцаў, юрыстаў і валанцёраў. Людзі, якія пражылі менш, чым існавала “Вясна”, але ўжо ўнеслі свой унёсак у агульную справу. Шкада, што многім з вас даводзіцца дзейнічаць ананімна і вы не можаце атрымаць тое грамадзянскае прызнанне, якое заслугоўваеце. Але ведайце: мы бязмерна вам удзячныя. Менавіта дзякуючы вам “Вясна” застаецца сімвалам сумлення і падтрымкі”, — падкрэсліла Ціханоўская.
“Асаблівая радасць, — дадала яна, — бачыць, як тыя, хто былі несправядліва асуджаныя ў Беларусі, выходзяць на волю і вяртаюцца да праваабароны: Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Марфа Рабкова, Наста Лойка, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк. Бачыць, як вы зноў ўключаецеся ў дапамогу людзям без усялякіх сумневаў, выклікае глыбокае захапленне і павагу”.
Палітык падзякавала праваабаронцам за іх працу, заявіўшы, што “без людзей, якія аддана абараняюць іншых, немагчыма пабудаваць нармальную будучыню”. “І пакуль у краіне грэбуюць правамі чалавека і пануе беззаконне, мы будзем працягваць гэтую працу — разам”, — адзначыла Ціханоўская.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заснаваны 26 красавіка 1996 года.
Для людзей, якія зазналі палітычны пераслед у Беларусі, працуе гарачая лінія арганізацыі. Юрыдычная служба кансультуе адносна палітычна матываванага адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу, дапамагае рыхтаваць скаргі, заявы і звароты ў беларускія і міжнародныя інстанцыі. Інфармацыйны аддзел збірае, правярае і распаўсюджвае інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека ў краіне.
Разам з іншымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі “Вясна” ініцыюе і ўдзельнічае ў працэсе прызнання палітвязнямі людзей, пазбаўленых волі з палітычных матываў.
У складзе Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці арганізацыя дакументуе выпадкі катаванняў, жорсткага абыходжання ды інш.
“Вясна” ёсць членам FIDH, Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары (EPDE), платформы “Грамадзянская салідарнасць” (Civic Solidarity Platform), Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання.
27 студзеня 2022 года на падставе судовага рашэння ў Беларусі уся інфармацыйная прадукцыя “Вясны” была прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. 23 жніўня 2023-га Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла арганізацыю “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
Кіраўнік цэнтра Бяляцкі, яго намеснік, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Лабковіч былі затрыманыя беларускімі ўладамі 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы аб “кантрабандзе грошай” і “фінансаванні парушэння грамадскага парадку” яны былі прыгавораныя да 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.
Праваабаронцы разам з групамі іншых палітвязняў былі вызваленыя ў выніку перагавораў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам. Бяляцкі і Лабковіч — 13 снежня 2025 года (першы быў вывезены ў Літву, другі — ва Украіну, адкуль пасля выехаў у Еўрасаюз), Стэфановіч — 19 сакавіка 2026 года (вывезены ў Літву).
7 кастрычніка 2022 года Нобелеўскі камітэт уганараваў прэміяй міру праваабаронцаў з Беларусі, Украіны і Расіі. Яна была прысуджаная Бяляцкаму, які на той момант знаходзіўся ў зняволенні, украінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод і расійскаму праваабарончаму цэнтру “Мемарыял”.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" будзе працаваць у Вільнюсе і Варшаве, заяўляе яго кіраўнік Бяляцкі

- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — лютым знізілася прадукцыйнасць працы, год таму быў рост (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі, ПалітыкаНародны саюз Германіі па догляду за ваеннымі магіламі не вядзе дзейнасць у Беларусі пасля прымусовага закрыцця мінскага офіса — МЗС ФРГМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка


