Мінск 20:58

Лукашэнка марыць паўдзельнічаць у пасляваенным уладкаванні Еўропы — Лябедзька

Скрыншот: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

23 кастрычніка, Позірк. Прызначэнне выбараў прэзідэнта Беларусі на 26 студзеня 2025 года звязана з надзеяй Аляксандра Лукашэнкі на прыпыненне баявых дзеянняў ва Украіне. Такое меркаванне выказаў у “Парламенцкім канале” дарадца дэмлідара Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.

“Гаспадар Крамля [Уладзімір Пуцін] пераканаў Лукашэнку, што па вясне Захад прымусіць [прэзідэнта Украіны Уладзіміра] Зяленскага сесці за стол перамоваў. Для беларускага кіраўніка гэта шанец вярнуць сабе міжнародную суб’ектнасць, і, адпаведна — легітымнасць. Але перад гэтым трэба выканаць некаторыя фармальнасці ўнутры краіны — стварыць адчуванне, што большасць беларусаў пагадзіліся перавярнуць старонку мінулага і жыць разам з Лукашэнкам”, — заявіў Лябедзька.

“Заскочыць у апошні вагон цягніка, які сыходзіць у сталіцу перамоваў, са шкілетамі 2020 года і ордэрам пракурора [Міжнароднага крымінальнага суда Карыма] Хана не атрымаецца. Адсюль і перакройванне выбарчага цыклу пад дату магчымай галоўнай падзеі еўрапейскага календара. Лукашэнка марыць паўдзельнічаць у пасляваенным уладкаванні Еўропы”, — адзначыў палітык.

Калі гэтыя здагадкі дакладныя, дадаў Лябедзька, то “кампанія “бязвыбары-2025″ павінна менш за ўсё шакаваць, бударажыць і здзіўляць”. “Падтрымка “бацькі нацыі” не павінна моцна вытыркаць за адзнаку ў 70%. Яго апаненты асуджаныя выпаўзаць за межы статыстычнай хібнасці. У спісе кандыдатаў проста абавязаныя быць кандыдаты з пахам апазіцыйнага мінулага”, — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.

“Магчыма, канвеер рэпрэсій паставяць на паўзу і адлігай удараць па статыстыцы палітвязняў Беларусі. Усё астатняе ў рэжыме ручнога кіравання — пікеты па разнарадцы, багатае датэрміновае галасаванне па добраахвотным прымусе, агляд дасягненняў харчовай прамысловасці і мастацкай самадзейнасці на выбарчых участках”, — прагназуе Лябедзька.

23 кастрычніка Палата прадстаўнікоў прызначыла прэзідэнцкія выбары ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года.

Падзяліцца: