Мінск 06:12

Ліквідацыю Streamline пацвердзіў заснавальнік школы, “прававыя падставы” яму невядомыя

Крыніца: старонка Streamline ў "Фэйсбуку

23 кастрычніка, Позірк. Пра “няпростыя прававыя абставіны”, якія склаліся вакол прыватнай школы замежных моў, “з глыбокім шкадаваннем” паведаміў 23 кастрычніка заснавальнік і дырэктар навучальнай установы Эдуард Цалюк.

“22 кастрычніка 2024 года ва ўпраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама да нашых супрацоўнікаў была даведзеная інфармацыя аб пачатку працэдуры ліквідацыі навучальнага цэнтра, у якой прававых падстаў, якія паслужылі нагодай для ліквідацыі, не змяшчаецца. Афіцыйным шляхам само рашэнне аб ліквідацыі навучальны цэнтр не атрымаў, працэдура і парадак ліквідацыі да нас не даведзеныя”, — гаворыцца ў заяве Цалюка на сайце Streamline.

Паводле яго слоў, школа накіравала ў Мінгарвыканкам ліст з “просьбай даць пастанову аб ліквідацыі і паведаміць аб парадку яе правядзення”.

“Нягледзячы на шматлікія афіцыйныя звароты ў адпаведныя інстанцыі, нашы разліковыя рахункі працягваюць заставацца заблакаванымі з 3 кастрычніка 2024 года, што робіць немагчымымі любыя разлікі, у тым ліку выплаты па заработнай плаце, звароты за ненададзеныя паслугі і іншыя выплаты супрацоўнікам і кліентам. Увесь гэты час выкладчыкі і супрацоўнікі навучальнага цэнтра працягваюць працаваць без выплаты заработнай платы”, — адзначыў заснавальнік школы.

У навучальнай установе, дадаў ён, спадзяваліся, што звароты да ўладаў “дазволяць забяспечыць захаванне сацыяльных гарантый у дачыненні да супрацоўнікаў і дамоўных абавязацельстваў перад кліентамі і партнёрамі”, аднак гэтыя “звароты да цяперашняга часу застаюцца без адказу”.

“Улічваючы сітуацыю, што склалася (рашэнне Мінгарвыканкама аб ліквідацыі і блакаванне ўсіх рахункаў), у найбліжэйшы час мы будзем вымушаныя спыніць ажыццяўленне выкладчыцкай дзейнасці, наданне паслуг кліентам і працу з контрагентамі. Пры гэтым у цяперашні час навучальны цэнтр не мае аб’ектыўнай магчымасці вярнуць грашовыя сродкі навучэнцам за ненададзеныя паслугі”, — паведаміў Целюк.

Ён прапанаваў кліентам “звяртацца па тлумачэнні па абароне сваіх законных правоў у галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама, а таксама ў іншыя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы і ў суд”.

Пра тое, што прыватная школа замежных моў Streamline Language School з 17 кастрычніка знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, стала вядома 22 кастрычніка з запісу ў базе Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР).

Медыяпраект “Альянс расследавальнікаў Беларусі” сцвярджае, што прычынай ліквідацыі стала праверка, праведзеная ў арганізацыі супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў дзяржкантролю (ДФР).

“На пачатку кастрычніка ў офіс Streamline прыехаў ДФР з ператрусам, пасля чаго адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнесам з усімі інструментамі і рэсурсамі. Таксама былі заблакаваныя рахункі. Выкладчыкам не змаглі выплаціць заробак, а студэнты — аплаціць вучобу”, — паведамілі журналісты-расследавальнікі.

“Хуткасць, з якой знішчылі ўстанову адукацыі, сведчыць пра тое, што гэта не толькі спроба падлатаць бюджэт за кошт чужых сродкаў, але і расчысціць “паляну” для сваіх. Адначасова знішчэнне незалежных курсаў замежных моў можа сведчыць аб жаданні стрымаць адток кадраў за мяжу”, — гаворыцца ў публікацыі.

Streamline працуе з 1998 года. У 2017 годзе стала першай моўнай школай у Беларусі, якая атрымала прэстыжную міжнародную акрэдытацыю Quality English Associate School. Таксама мае шэраг акрэдытацый у сферы міжнароднай адукацыі: ICEF, EAQA, English UK і Business English UK. У Streamline ў апошні час навучалі пяці замежным мовам: англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай, італьянскай. Раней выкладалі таксама польскую, але на фоне антыпольскай кампаніі, якую праводзяць беларускія ўлады, ад яе адмовіліся.

Падзяліцца: