Мінск 18:45

Палітвязень Аўтуховіч скардзіцца на здароўе і асцерагаецца за сваё жыццё

Мікалай Аўтуховіч у судзе
Фота: sb.by

18 лістапада, Позірк. Палітвязень Мікалай Аўтуховіч паведаміў родным пра праблемы са здароўем і асцярогі за сваё жыццё.

Пра гэта паведамляе “Радыё Свабода” са спасылкай крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.

Адзначаецца, што Аўтуховіч месяц не меў сувязі са сваякамі і 21 дзень правёў у штрафным ізалятары гродзенскай турмы. Паводле яго слоў, у ШІЗА было вельмі холадна, там не працавала ацяпленне.

Таксама паведамляецца, што палітвязень абмежаваны ў атрыманні медыцынскай дапамогі, у яго “апухаюць ногі”, бо ён пакутуе ад хваробы суставаў. Акрамя гэтага, у Аўтуховіча, які мае гіпертанію, “адабралі танометр”, на карыстанне якім ён меў дазвол.

Паводле звестак крыніцы, мужчына паведаміў родным, што “калі з ім нешта здарыцца, то гэта было зроблена спецыяльна”.

Ён таксама мае намер скардзіцца на ўтрыманне ў ШІЗА і неаказанне меддапамогі.

Суд па “справе Аўтуховіча” пачаўся 18 траўня 2022 года. Па справе праходзіла 12 чалавек.

11 ліпеня стала вядома, што Аўтуховіч у знак пратэсту супраць абмежаванняў па перапісцы абвясціў сухую галадоўку, якую спыніў 1 жніўня.

17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў былога прадпрымальніка і грамадскага актывіста Мікалая Аўтуховіча вінаватым паводле дзесяці артыкулах КК, сярод якіх “акт тэрарызму” і “здрада дзяржаве”, і прыгаварыў да 25 гадоў пазбаўлення волі (першыя 5 гадоў у турме, астатнія 20 — у калоніі строгага рэжыму).

Сярод іншых да доўгіх тэрмінаў былі прыгавораныя жанчыны: Галіна Дзербыш — да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Вольга Маёрава — да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя тэрмінаў зняволення, фігурантаў пакаралі штрафамі.

Падзяліцца: