Мінск 07:33

Латушка: Беларусь — не разменная манета, беларусы — не расходны матэрыял

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

4 снежня, Позірк. Вызначыць “канкрэтную мэту” стратэгіі па Беларусі заклікаў удзельнікаў другога стратэгічнага дыялогу паміж беларускім дэмакратычным рухам і ЗША намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

“Паводле агульнага меркавання АПК, Офіса Святланы Ціханоўскай і большасці ў Каардынацыйнай радзе, мэтай стратэгіі павінна быць дэмакратычная Беларусь па-за сферай уплыву Расіі. Беларусь як неад’емная частка еўрапейскай і еўраатлантычнай супольнасці і сістэмы бяспекі. Інакш нас не чакае ні мір, ні бяспека”, — адзначыў Латушка.

Палітык таксама заклікаў ЗША “не вырашаць лёс беларусаў за спінай у беларусаў” і прадставіў у выступленні “канкрэтныя інструменты і задачы для рэалізацыі паспяховай стратэгіі па Беларусі”. Такімі ён лічыць “сістэмную і стабільную падтрымку арганізацый і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці, дзейнасць якіх найперш накіравана ўнутр Беларусі”, а таксама падтрымку незалежных медыя і блогераў. Акрамя гэтага, важнымі задачамі, на думку Латушкі, з’яўляюцца “непрызнанне Лукашэнкі і прызнанне створанай і дзейнай сістэмы палітычных інстытутаў дэмакратычных сіл Беларусі”, “працяг і нарошчванне санкцыйнага ціску на рэжым”, прыцягненне Лукашэнкі да “міжнароднай крымінальнай адказнасці за ўчыненыя злачынствы”.

“Мы вядзем стратэгічны дыялог, а значыць, менавіта пра стратэгію павінна ісці размова. Пра стратэгію дасягнення мэты – незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі. Пра стратэгію спынення агрэсараў, аднаўлення бяспекі, пазбаўлення агрэсараў рэсурсаў і сфер уплыву. Беларусь у гэтай стратэгіі з’яўляецца адным з краевугольных камянёў”, — сказаў Латушка.

Ён таксама выказаў меркаванне, што “пакуль Захад дзейнічаў паўмерамі, прыносячы тактычныя палітычныя інтарэсы ў ахвяру стратэгічным, у агрэсара была свая стратэгія”. “Расія — адзіная краіна, у якой ёсць стратэгія не толькі па Беларусі, але і па рэгіёне. Гэта стратэгія пашырэння імперыі. Таму Беларусь не можа быць падарункам для Пуціна на мірных перамовах. Беларусь — не разменная манета. Беларусы – не расходны матэрыял”, — заявіў палітык.

Сённяшняя Беларусь, паводле яго слоў, — “ваенны плацдарм Расіі”, які “можа быць задзейнічаны ў любы момант, як гэта было ў лютым 2022 года”. Таксама Беларусь з’яўляецца “велізарнай санкцыйнай дзіркай”, праз якую Крэмль атрымлівае неабходныя для працягу вайны тавары, бо краіны “маюць адзіную мытную прастору і фактычна не маюць [агульнай] мяжы”.

Стратэгічны дыялог — пляцоўка для падтрымання пастаянных адносін беларускага дэмакратычнага руху з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі. Першы раунд стратдыялогу адбыўся 6–8 снежня 2023 года ў Вашынгтоне, другі праходзіць у Вільнюсе 3–4 снежня гэтага года.

4–5 красавіка ў сталіцы ЗША ўдзельнікі першых паседжанняў працоўных груп у межах стратдыялогу абмеркавалі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, шляхі вызвалення палітвязняў, дзейнасць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці.

Падзяліцца: