Мінск 15:17

Прадоўжаны спрошчаны парадак прыёмкі ў эксплуатацыю некаторых самавольных пабудоў

13 студзеня, Позірк. Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 13 студзеня на тры гады прадаўжаецца спрошчаны парадак прыёмкі ў эксплуатацыю аднакватэрных жылых дамоў і нежылых пабудоў, узведзеных грамадзянамі без дазволаў і праектнай дакументацыі (за выключэннем размешчаных у Мінску), паведаміць неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.

Адпаведныя змяненні ўнесены ва ўказ ад 25 ліпеня 2022 года № 253 “Аб спрошчаным парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва”.

Адзначаецца, што заявы аб прыёмцы ў эксплуатацыю названых пабудоў могуць быць пададзены да 1 студзеня 2028 года. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам дадзена права прымаць у эксплуатацыю названыя аб’екты, пры гэтым яны не будуць прызнавацца самавольнымі.

Сцвярджаецца, што “ўказ дазволіць узаконіць самавольныя пабудовы, узведзеныя грамадзянамі на зямельных участках, атрыманых імі да 1 верасня 2022 года”.

17 ліпеня 2023 года Лукашэнка падпісаў новы Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, які даў права на адступленне ад “зацверджанай горадабудаўнічай дакументацыі пры ўмове захавання ўстаноўленых заканадаўствам патрабаванняў і абмежаванняў”.

“У прыватнасці, вызначаны выпадкі, калі распрацоўка праектнай дакументацыі не з’яўляецца абавязковай або ажыццяўляецца ў скарочаным аб’ёме, аптымізаваны парадак узвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў, уведзены паведамляльны прынцып адносна вытворчасці будаўніча-мантажных работ”, — адзначала тады прэс-служба палітыка.

Падзяліцца: