Мінск 16:05

Вальфовіч лічыць, што пасля размяшчэння “Арэшніка” Беларусь зможа нанесці “непрымальны ўдар” любому агрэсару

Скрыншот відэазапісу ўдару "Арэшніка" па ўкраінскім Дняпры

16 студзеня, Позірк. Пасля размяшчэння расійскага гіпергукавога ракетнага комплексу сярэдняй далёкасці “Арэшнік” Беларусь “будзе мець у сваім распараджэнні ўдарны кулак, які дае магчымасць нанесці непрымальную шкоду любому патэнцыйнаму агрэсару”, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч у апублікаваным 16 студзеня інтэрв’ю выданню “СБ. Беларусь сёння”.

Іншымі складнікамі гэтага “кулака” чыноўнік лічыць ракетны комплекс “Іскандэр-М” і тактычную ядзерную зброю РФ.

Вальфовіч спыніўся на распрацоўках беларускага ваенна-прамысловага комплексу, якія ён лічыць паспяховымі. Ён згадаў рэактыўную сістэму залпавага агню “Паланэз”, якая, на яго думку, “паводле сваіх тактыка-тэхнічных характарыстык не саступае замежным аналагам, а ў асобных паказчыках пераўзыходзіць іх”.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 26 студзеня, дзяржсакратар Савета бяспекі ўсяляк стараўся падкрэсліць асабістую ролю Аляксандра Лукашэнкі ў гарантаванні бяспекі Беларусі. Ён заявіў, што ў мэтах выканання даручэнняў таго ў краіне “вырабляюцца сучасныя беспілотныя лятучыя апараты рознага прызначэння, без якіх сёння немагчыма паспяховае вядзенне баявых дзеянняў, а створаныя сістэмы тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння надаюць справе абароны дзяржавы ўсенародны характар”.

Паводле слоў Вальфовіча, у Беларусі “надзейна забяспечаная” пагранічная бяспека,

“створана і пастаянна ўдасканальваецца” дзяржаўная сістэма рэагавання “на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і масавыя беспарадкі”.

Дзяржсакратар Савета бяспекі сцвярджае, што “беларускімі спецслужбамі і праваахоўнымі органамі пастаўленая надзейная заслона арганізаванай злачыннасці і карупцыі; вядзецца барацьба з незаконнай міграцыяй, абаротам наркотыкаў, зброі, боепрыпасаў, кантрабандай”. Паводле яго слоў “цяпер у краіне самы нізкі ўзровень злачыннасці за апошнія 30 гадоў”.

Такім чынам, лічыць Вальфовіч, за 30 гадоў незалежнасці ўлады “стварылі эфектыўную сістэму гарантавання нацыянальнай бяспекі, без якой немагчыма ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці”. “Наша краіна з’яўляецца прызнаным на міжнароднай арэне донарам глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, ініцыятарам многіх праектаў, скіраваных на ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве. Пры гэтым моцная прэзідэнцкая ўлада не скасоўвае, а толькі ўмацоўвае сапраўдную дэмакратыю”, — сцвярджае ён.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня 2024 года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі РФ і Беларусі. Расійскі прэзідэнт у той жа дзень заявіў, што гэты дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Ён у чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, як ён сцвярджае, размешчаную “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.

На згаданым пасяджэнні Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць у Беларусі комплекс “Арэшнік”. Пуцін не выключыў такую магчымасць. “Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года па меры нарошчвання выпуску такіх комплексаў, серыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войск стратэгічнага прызначэння”, — сказаў прэзідэнт Расіі.

На палях саміту Еўразійскага эканамічнага саюза 26 снежня ў Ленінградскай вобласці РФ Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа размясціць на сваёй тэрыторыі “пакуль дзясятак” комплексаў “Арэшнік”, а “далей паглядзім”.

Падзяліцца: