Мінск 01:59

В.а. прадстаўніка АПК Баркоўскі: Калі адбываецца нацыянальная трагедыя, ніякія выбары немагчымыя

Архіўнае фота: АПК

25 студзеня, Позірк. Калі “адбываецца нацыянальная трагедыя, фактычная вайна супраць народа, ніякія выбары немагчымыя”, цяпер ідзе іх імітацыя, такое меркаванне выказаў 25 студзеня выканаўца абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

Які выбар прапануе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, паводле яго слоў, добра апісваюць лічбы.

“На 132.900 студэнтаў стала менш вучыцца ў беларускіх ВНУ за апошнія 7 гадоў. Каля 40% моладзі, згодна з апытаннямі, жадае пакінуць краіну, — адзначыў Баркоўскі. — Больш за 5.000 грамадска-палітычных і медыйных сайтаў былі заблакаваныя ў Беларусі з 2020 года. 167 месца (з 180) займае Беларусь у рэйтынгу свабоды медыя. Больш за 1.800 арганізацый грамадзянскай супольнасці ліквідавана ў Беларусі за апошнія 5 гадоў”.

У той жа час, падкрэсліў ён, беларуская мова “вынішчаецца са школы і публічнай прасторы нават хутчэй, чым за камуністамі”. “Больш за 160 дзеячаў культуры знаходзяцца ў спісах рэпрэсаваных, з іх больш за 70 чалавек — па крымінальных справах. Каля 60 кніг беларускіх аўтараў патрапілі ў спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў. І гэтыя далёка не ўсё”, — дадаў палітык.

В.а. прадстаўніка АПК заявіў, што “рэпрэсіі закранулі больш за 136.000 беларусаў, а Беларусь займае 105 месца з 142 у рэйтынгу вяршэнства права”. 

На гэтым фоне “ўсе так званыя кандыдаты выступаюць адзіным фронтам і ўхваляюць “абраны курс” рэжыма Лукашэнкі. 

“Ці цікавіць меркаванне беларусаў і беларусак цяперашніх начальнікаў у Мінску? — задаўся пытаннем Баркоўскі. — Беларусам проста прапануюць выбіраць далей рэпрэсіі, нацыянальнае выраджэнне і дэмаграфічную катастрофу, імя якім Лукашэнка. Голас беларусаў, якія могуць казаць праўду, нязручную для дыктатара, у Беларусі амаль не чуваць. Дарэчы, дзякуй за ўчастак для галасавання беларусам замежжа ў Беларусі. Дзякуй, што не на Акрэсціна”.

На думку в.а. прадстаўніка АПК, усім, хто “не прымае падобны “выбар” і застаецца ў Беларусі, варта сказаць сваё цвёрдае “не” і паставіць крыж “супраць усіх”, калі гэтых людзей “заганяюць на выбарчы спектакль”.

Ім варта “чакаць і гартаваць сілы для будучага адраджэння”, лічыць ён, “бо вясна абавязкова надыдзе”. “І паўстане вольная і дэмакратычная Беларусь”, — упэўнены Баркоўскі.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года (датэрміновае галасаванне пачалося 21 студзеня і працягнецца пяць дзён).

Акрамя Аляксандра Лукашэнкі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістраваныя лідары трох праўладных партый — Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) і Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці). Яшчэ адзін кандыдат — былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як “дэмакратычную альтэрнатыву”, аднак крытыкуе не Лукашэнку, а яго апанентаў, якія знаходзяцца ў турме або за мяжой.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі. З крытыкай выбараў выступілі Еўрапарламент, ЗША, шэраг іншых дэмакратычных дзяржаў ды інш.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: