Мінск 23:56

Латушка: Беларусь на мяжы эканамічнай і дэмаграфічнай катастрофы

Фота: прэс-служба НАУ

3 лютага, Позірк. Беларусь знаходзіцца на мяжы эканамічнай і дэмаграфічнай катастрофы, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка 3 лютага ў відэазвароце на сваім ютуб-канале.

Паводле слоў палітыка, маладыя беларусы масава з’язджаюць з краіны, “а на іх месца завозяць замежную працоўную сілу”, малы бізнес знішчаецца дзяржавай, а “эканоміка становіцца цалкам залежнай ад нестабільнага [ўсходняга] суседа”.

Спаслаўшыся на даныя, прыведзеныя ў часопісе Інстытута эканомікі НАН “Веснік”, Латушка паведаміў, што з 2005 года плошча зямель ва ўласнасці або карыстанні беларусаў скарацілася з 1,3 млн гектараў да 690 тыс., гэта значыць амаль у два разы.

“Пры Лукашэнку Беларусь страціла больш за мільён чалавек. Акрамя агульнага скарачэння насельніцтва, імкліва скарачаюцца працоўныя рэсурсы, якія прама ўплываюць на эканамічнае развіццё краіны. Толькі за адзін год — са снежня 2023-га да снежня 2024-га — колькасць занятых у эканоміцы Беларусі скарацілася на 10 тыс. чалавек”, — адзначыў палітык.

Рэжымам таксама “сістэматычна знішчаецца” беларускі малы бізнес, які “з’яўляецца асновай здаровай эканомікі, крыніцай занятасці і інавацый”. “Замест падтрымкі прадпрымальніцтва рэжым Лукашэнкі ўводзіць усё новыя абмежаванні, змушаючы бізнес закрывацца або сыходзіць у цень. Людзі, якія доўгія гады будавалі сваю справу, цяпер аказваюцца перад выбарам: альбо падпарадкоўвацца жорсткім патрабаванням, альбо зусім спыняць дзейнасць”, — удакладніў Латушка.

На фоне ад’езду людзей з краіны, паводле яго слоў, “колькасць запрашэнняў на вакансіі за мяжой, атрыманых расіянамі, вырасла за мінулы год на 33,6% у параўнанні з пазамінулым годам”. Ён дадаў, што менавіта ў Беларусь часцей за ўсё запрашалі працаваць грамадзян Расіі. “Усяго было накіравана 172,3 тыс. запрашэнняў”, — сказаў намеснік кіраўніка АПК.

Ён падкрэсліў, што змяншэнне працоўных рэсурсаў адлюстроўвае афіцыйная статыстыка.

У снежні 2024 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 129,7 тыс. чалавек — на 0,22% больш, чым у лістападзе (4 млн 120,5 тыс.; +0,07%) і на 0,25% менш, чым год таму (4 млн 140,1 тыс.), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

На пачатак 2024 года колькасць беларусаў, якія пакінулі краіну пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, складала 500–600 тыс. Да такой высновы ў даследаванні для Цэнтра новых ідэй (ЦНІ) прыйшоў незалежны сацыёлаг, былы дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Генадзь Коршунаў. У сваім даследаванні ён абапіраўся на даступныя статыстычныя даныя замежных краін.

Не дапускаць адтоку эканамічна актыўнага насельніцтва з рэгіёнаў цяпер з’яўляецца “задачай нумар адзін”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада ў Клімавічах (Магілёўская вобласць) на абласным свяце “Дажынкі”.

Пры гэтым ён адзначыў, што “працаваць жадаюць далёка не ўсе”, і папярэдзіў: “Рыхтуйцеся, бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе, усе павінны варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю”. “Мы дапаможам, дамо працоўнае месца, толькі ідзіце працаваць. Тыя, хто перашкаджаюць людзям жыць… хлопцы, мы з вамі будзем сур’ёзна разбірацца, не крыўдуйце”, — заявіў спікер.

Падзяліцца: