Мінск 00:07

У ААН адзначылі працяг дыскрымінацыі жанчын у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: needpix.com

4 лютага, Позірк. Даклады арганізацый грамадзянскай супольнасці аб становішчы жанчын у Беларусі, Люксембургу, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Непале былі разгледжаны 3 лютага ў Камітэце па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, які дзейнічае ў рамках Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН.

Наконт Беларусі было адзначана, што Канстытуцыя краіны “не забяспечвае эфектыўнай абароны ад дыскрымінацыі”, а “правы жанчын на адукацыю і ахову здароўя абмежаваныя”. Паводле інфармацыі аўтараў дакладу, у краіне “інстытуцыйна замацаваныя дыскрымінацыйныя палажэнні пра харчаванне: жанчыны і дзяўчаты не маюць доступу да садавіны і арэхаў, што вядзе да доўгатэрміновай рызыкі для здароўя”.

Адзначаецца, што “доступ жанчын да правасуддзя падрываецца няспынным пераследам жанчын-праваабаронцаў. На жанчын-актывістак навешвалі хлуслівыя ярлыкі тэрарыстаў, нягледзячы на іх мірную дзейнасць. Дзяржава сістэматычна ліквідуе розныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку многія, якія падтрымліваюць жанчын. Амаль 2.000 недзяржаўных арганізацый былі вымушаныя ліквідавацца. Усе жаночыя арганізацыі, якія падрыхтавалі ценявыя даклады для камітэта ў межах апошняга разгляду, былі ліквідаваныя. З прычыны палітычнага ціску на адвакатаў знайсці юрыдычную дапамогу надзвычай складана. У 2022 годзе ўрад прымусова ліквідаваў усе прафсаюзы. За кратамі застаюцца шэсць жанчын — актывістаў прафсаюзаў”.

Паводле звестак аўтараў дакладу, у Беларусі прынамсі 139 жанчын з’яўляюцца палітвязнямі. Яны “не маюць доступу да медыцынскага абслугоўвання і пастаянна сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем”. Жанчыны-зняволеныя “сутыкаюцца з прымусовай працай і сучаснымі формам рабства”. Калі жанчыны адмаўляліся працаваць, іх змяшчалі ў “клеткі ганьбы” і прымушалі стаяць на вуліцы цягам некалькіх гадзін. Яны “зараблялі ад 5 да 10 еўра ў месяц і сутыкаліся з жорсткімі пакараннямі за невыкананне плана”.

“Калі ў міліцыю паступалі заявы аб хатнім гвалце, яна правярала палітычную дзейнасць ахвяры, а не надавала ёй падтрымку. Ахвяр і агрэсараў запрашалі разам на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, што спрыяла беспакаранасці”, — адзначаецца ў дакладзе.

Таксама канстатуецца, што “жанчыны-мігранткі ўразлівыя да гандлю людзьмі і гвалту. Хатні гвалт не з’яўляецца падставай для надання прытулку ў Беларусі”.

Адзначаецца, што даклад па Беларусі быў прадстаўлены экспертамі Беларускага Хельсінкскага камітэта, праваабарончых арганізацый Human Constanta і “Наш дом”, Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, Кааліцыі супраць гендарнага і хатняга гвалту.

Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын складаецца з незалежных экспертаў, якія ажыццяўляюць маніторынг выканання Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. У склад камітэта ўваходзяць 23 эксперты ў галіне правоў жанчын з розных краін.

29 студзеня ў заяве незалежных экспертаў па правах чалавека, якія дзейнічаюць у рамках СПЧ ААН, была выказаная “глыбокая занепакоенасць адсутнасцю эфектыўных расследаванняў па заявах аб гендарным гвалце і жорсткім абыходжанні з жанчынамі ў месцах папярэдняга зняволення і папраўчых калоніях Беларусі”.

Падзяліцца: