Мінск 11:41

Прэзідэнты Ганы, Кеніі і Манголіі павіншавалі Лукашэнку з падаўжэннем паўнамоцтваў

4 лютага, Позірк. Яшчэ тры прэзідэнты павіншавалі Аляксандра Лукашэнку з падаўжэннем паўнамоцтваў, паведамляе яго прэс-служба.

Прэзідэнт Ганы Джон Драмані Махама лічыць, што “пастаяннае лідарства” Лукашэнкі з’яўляецца сведчаннем “даверу і ўпэўненасці народа Беларусі”.

На яго думку, Беларусь “працягне дабівацца большага росквіту і поспеху“. Прэзідэнт разлічвае сумесна з Лукашэнкам пашыраць супрацоўніцтва ў сферах “узаемнай цікавасці на карысць нашых народаў“. Махама, як адзначаецца ў артыкуле Вікіпедыі пра яго, валодае добрым пачуццём гумару. Быў прэзідэнтам сваёй краіны ў 2012-2017 гадах і зноў кіруе з 7 студзеня 2025 года.

“Гістарычнай перамогай” Лукашэнкі назваў прэзідэнт Кеніі Уільям Рута працэс, які завяршыўся 26 студзеня, а саму Беларусь — “вялікай краінай“. Кіраўнік гэтай афрыканскай дзяржавы выказаў імкненне “працягваць цеснае супрацоўніцтва дзеля далейшага ўмацавання двухбаковых адносін і дружбы“.

Аб жаданні працягваць супрацоўніцтва на карысць “далейшага пашырэння і развіцця дружалюбных адносін і супрацоўніцтва“ гаворыцца ў віншаванні прэзідэнта Манголіі Ухнаагійна Хурэлсуха.

Гатоўнасць Беларусі супрацоўнічаць з Манголіяй “ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць“, пацвердзіў Лукашэнка, віншуючы 11 ліпеня 2024 года народ і прэзідэнта гэтай краіны з нацыянальным святам Наадам. Лукашэнка наведваў гэтую краіну з дзяржаўным візітам летась 1-4 чэрвеня.

Надзею на “далейшае ўмацаванне традыцыйна дружалюбных двухбаковых адносін” выказаў Лукашэнка, віншуючы 10 снежня Джона Драмані Махаму з абраннем на пасаду прэзідэнта Ганы. У сувязі з гэтым, як паведамляла прэс-служба віншавальніка, новы кіраўнік гэтай дзяржавы ў Заходняй Афрыцы запрошаны “наведаць Мінск з афіцыйным візітам у любы зручны час“.

Беларусь імкнецца да “больш цеснага партнёрства” з Кеніяй у сельскай гаспадарцы, харчовай бяспецы, прамысловасці, адукацыі, сферы ІТ, гаварылася ў апублікаваным 12 снежня 2024 года віншаванні Лукашэнку прэзідэнту Рута з Днём незалежнасці.

Электаральная працэдура 26 студзеня 2025 года, названая “сёмымі выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь“, прайшла пад поўным кантролем уладаў на фоне беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій.

Віншаванні з “перавыбраннем” Лукашэнка атрымаў ад лідараў 28 дзяржаў: ААЭ, Азербайджана, Алжыра, Амана, Бахрэйна, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, В’етнама, Ганы, Зімбабвэ, Ірана, Казахстана, Кеніі, Кітая, КНДР, Кубы, Кыргызстана, Лаоса, Манголіі, Нікарагуа, Пакістана, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана і Эсваціні.

Аб непрызнанні вынікаў “выбараў” у той ці іншай форме заявілі 40 дзяржаў: Албанія, Андора, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Мальта, Малдова, Нарвегія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Польшча, Партугалія, Румынія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя і Эстонія.

Падзяліцца: