Мінск 07:19

Дэпутат Гігін у кампаніі прапагандыстаў і прарасійскіх актывістаў наведаў акупаваную РФ частку Запарожскай вобласці

Фота: тэлеграм-канал Баліцкага

10 лютага, Позірк. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі і старшыня таварыства “Веды“ Вадзім Гігін, лідар прарасійскага “Руху Саюз” Сяргей Лушч і тэлепрапагандыст Грыгорый Азаронак наведалі акупаваную Расіяй частку Запарожскай вобласці Украіны.

Пра візіт паведаміў кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Яўген Баліцкі ў сваім тэлеграм-канале. Яе прадстаўнікі павіншавалі беларускіх гасцей з “перамогай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, што адбыліся” (арфаграфія захаваная).

Паведамляецца, што прадметам перамоваў сталі “перспектывы ўзаемадзеяння прадпрыемстваў“ Беларусі і акупаванай часткі рэгіёну ў прамысловай сферы, “пастаўкі беларускай сельгастэхнікі, наданне садзейнічання ў падрыхтоўцы да маючай адбыцца пасяўной кампаніі, рэалізацыя тавараў з Запарожскай вобласці на беларускім рынку, пастаўкі беларускіх тавараў у гандлёвыя сеткі Запарожскай вобласці, правядзенне культурных і моладзевых абменаў, а таксама ўдзел беларускай дэлегацыі ў моладзевым форуме “Поўдзень малады“.

Прэс-служба Палаты прадстаўнікоў пра візіт не паведамляе.

Азаронак у сваім тэлеграм-канале паведаміў таксама пра наведванне Данбаса.

17 траўня 2024 года “выконваючы абавязкі міністра прамысловасці і гандлю” акупаванай Расіяй часткі рэгіёна Аляксандр Марчанка паведаміў пра “перамовы з беларускімі калегамі аб вытворчасці трактароў “Беларус” у Запарожскай вобласці”.

Аб жаданні “кратна павялічыць” аб’ёмы паставак у Беларусь заявілі ў ліпені таго ж года прадстаўнікі ліцейных прадпрыемстваў, размешчаных на акупаваных тэрыторыях Запарожскай вобласці падчас візіту ў Беларусь. Дэлегацыя наведала Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ, Жодзіна, Мінская вобласць), ААТ “Амкадор“ (Мінск), холдынг “САЛЕО“ (Дзяржынск, Мінская вобласць) і Мінскі трактарны завод.

Гэта быў другі візіт дэлегацыі ў Беларусь, папярэдні адбыўся 9 траўня.

Пра намер стварыць сумесную вытворчасць з Мінскім трактарным заводам мясцовыя акупацыйныя ўлады заяўлялі ў кастрычніку 2023 года. Тады ж яны паведамілі пра перамовы з ААТ “Аршанскі мясакансервавы камбінат “(Віцебская вобласць) аб “адкрыцці філіяла” на падкантрольнай РФ тэрыторыі рэгіёна.

Афіцыйны Мінск і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з тэрыторыямі Украіны, акупаванымі РФ.

Кіраўнік т. зв. “днр” Дзяніс Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з ім 18 красавіка 2023 года ў Мінску. Летась 15 чэрвеня амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.

У жніўні 2023 года Беларусь наведвала дэлегацыя “днр”.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “Данецкай і Луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

На пачатку 2023 года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і “лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая ў арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных вакацый”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Падзяліцца: