Мінск 18:56

Рыжанкоў у Жэневе заклікаў не баяцца рускіх, якія “нікуды далей не прыйдуць — ні ў Берлін, ані ў Парыж”

Скрыншот: архіўны відэазапіс тэлеканала АНТ

26 лютага, Позірк. Супраца Беларусі і Расіі не нясе пагроз трэцім краінам, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 26 лютага ў Жэневе (Швейцарыя) на Канферэнцыі ААН па раззбраенні.

“Хопіць казаць пра пагрозу “рускія ідуць”. Нікуды яны далей не прыйдуць — ні ў Берлін, ані ў Парыж. І не трэба ліць ваду на млын рыторыкі ваенна-прамысловых камітэтаў і звязаных з імі палітычных колаў. Асабліва кажу гэта для НАТО”, — цытуюць дзяржмедыя кіраўніка беларускага МЗС.

Паводле слоў Рыжанкова, Беларусь супрацоўнічае з РФ у рамках міжнароднага права і “ў строгай адпаведнасці” з палажэннямі Дагавора аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. У той жа час ён нагадаў, што Мінск і Масква падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, які прадугледжвае выкарыстанне для абароны любых відаў зброі, у тым ліку ядзернай.

“Выключна ў абарончых мэтах на тэрыторыі Беларусі будуць размешчаныя расійскія балістычныя ракеты “Арэшнік”. Падкрэслю, гэта вымушаная мера”, — заявіў міністр, адзначыўшы, што “некалі ў 1990-х гадах Беларусь даверылася заходнім краінам і зрабіла свядомы выбар на карысць адмовы ад валодання ўласнай ядзернай зброяй без умоў і агаворак”.

“Так, мы атрымалі гарантыі бяспекі ў вядомым Будапешцкім мемарандуме. Але яго гарантыі былі растаптаныя Захадам. Нашыя аргументы пасля пачутыя не былі. І ў выніку мы вярнуліся ў першапачатковую кропку, — сцвярджае Рыжанкоў. — Наяўнасць у нас ядзернай зброі стрымлівання супраць магчымай знешняй ваеннай агрэсіі робіць мільярдныя выдаткі нашых суседзяў на ўзбраенне бескарыснымі”.

Пераможцаў, паводле слоў міністра, “у такой вайне не будзе”.

Чыноўнік заявіў, што Беларусь “вядома ж”, не мае намеру ўвязвацца “ў вар’яцкі закуп дарагой зброі і кратнага павелічэння ўзброеных сіл, правакуючы далейшую канфрантацыю”, паколькі гэта бескарысна. “Мы маем на што траціць дзяржаўныя грошы: ахова здароўя, сацыяльныя патрэбы, развіццё, дарогі, стварэнне бяспечнага асяроддзя для нашых грамадзян”, — сказаў ён.

Пры гэтым, паводле сцвярджэння Рыжанкова, “асобныя краіны адчулі перамогу ў халоднай вайне, сталі грэбаваць прынцыпам роўнай і непадзельнай бяспекі і пагардліва ігнараваць законныя заклапочанасці іншых краін”. Гэта, лічыць міністр, “у тым ліку вылілася і ў канфлікт ва Украіне, які праецыюецца не толькі на еўрапейскі рэгіён, але і прывёў да абвастрэння крызісаў, у тым ліку эканамічных, у іншых рэгіёнах свету”.

Беларусь, як заявіў кіраўнік МЗС, “неаднаразова высоўвала ініцыятывы, скіраваныя на зніжэнне ваенна-палітычнай напружанасці, аднаўленне даверу, у тым ліку ва Украіне”.

“У сувязі з гэтым мы вітаем распачаты дыялог паміж Расіяй і ЗША па ўрэгуляванні канфлікту. Шчыра разлічваем на палітычную волю і мудрасць дыпламатыі па вяртанні міру ў наш рэгіён”, — сказаў міністр.

Рыжанкоў прапанаваў перастаць “глядзець адзін на аднаго праз прыцэл гармат і размаўляць у фармаце палітычных ультыматумаў і шалёных эканамічных санкцый”.

Беларуская дэлегацыя на чале з Рыжанковым 24–26 лютага 2025 года наведвае Жэневу для ўдзелу ў “сегментах высокага ўзроўню” 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) і Канферэнцыі па раззбраенні.

19 сакавіка на гэтай жа сесіі СПЧ адбудзецца інтэрактыўны дыялог па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на падставе першага даклада адмыслова створанай незалежнай групы экспертаў.

У дакладзе канстатуецца, што беларускі ўрад “здзейсніў шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва”. Гэтыя парушэнні, на думку групы, з’яўляюцца “часткай жорсткіх намаганняў па задушэнні любой апазіцыі праўленню прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі”. Пры гэтым “некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці”.

Падзяліцца: