Мінск 06:58

Паводле сцвярджэння кіраўніка Кыргызстана, Мінск гатовы перадаць экс-прэзідэнта краіны Бакіева, калі таго не пасадзяць

Аляксандр Лукашэнка і Курманбек Бакіеў (Мінск, 2019 год)
Відэа: тэлеканал АНТ / Стоп-кадр: "Позірк"

11 сакавіка, Позірк. Мінск і Бішкек вядуць перамовы пра перадачу Кыргызстану экс-прэзідэнта гэтай краіны ў Цэнтральнай Азіі Курманбека Бакіева, які атрымаў прытулак у Беларусі, заявіў агенцтву “Кабар” дзейны кыргызстанскі кіраўнік Садыр Жапараў.

“Што да Курманбека Бакіева, па ім вядуцца перамовы. Нам кажуць: “Калі не пасадзіце, то гатовыя яго перадаць”, — сказаў палітык у кантэксце адказу на пытанне, звязанае з чуткамі пра прыезд ў Кыргызстан старэйшага сына Бакіева Максіма, прыгаворанага ў роднай краіне да пажыццёвага зняволення.

Аналагічная сітуацыя з экс-прэм’ерам Сапарам Ісакавым, які знаходзіцца ў вышуку, — у Мінску, паводле сцвярджэння Жапарава, кажуць: “Калі не пасадзіце, гатовыя перадаць хоць сёння”. У Бішкеку, сказаў ён, “думаюць над гэтым”.

“З аднаго боку, можна ж пагадзіцца, прывезці іх і дапытаць па справе ЦЭЦ, па справе музея. Хай распавядуць, хто і колькі грошай атрымаў, — адзначыў ён. — А вяртанне скрадзеных сродкаў у бюджэт — гэта ўжо задача сілавых структур. Бо мільярды скрадзеных сродкаў мы менавіта такімі шляхамі і вярнулі”.

“Тое ж тычыцца і Курманбека Бакіева. Гаворка ідзе пра тое, колькі грошай захоўвалася ў ячэйках. Таксама абмяркоўваецца выкрадзены з офіса Максіма залаты канцэнтрат. Які быў яго аб’ём у тонах? Мы маглі б заслухаць яго, як другі бок па падзеях красавіка, чэрвеня [2010 года] ды іншых справах і, нарэшце, паставіць у іх кропку. Бо народ ужо 15 гадоў патрабуе: “Чаму не можаце даставіць іх з той жа Масквы ці Мінска?”, — сказаў прэзідэнт Кыргызстана.

Афіцыйны Мінск ігнаруе запыты генпракуратуры Кыргызстана пра выдачу былога прэзідэнта Курманбека Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі ў 2010 годзе, завочна прыгавораны на радзіме ўжо да некалькіх працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па справах, звязаных з карупцыяй. Палітык атрымаў беларускае грамадзянства.

Падзяліцца: