Мінск 01:16

Адной з галоўных задач урада Турчын назваў дыверсіфікацыю экспарту

19 сакавіка, Позірк. Перад урадам бліжэйшым часам стаяць задачы, звязаныя з экспартам, асабліва з дыверсіфікацыяй паставак, заявіў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын 18 сакавіка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”.

“Нам неабходна прысутнічаць на многіх рынках і імкнуцца прасоўваць сваю прадукцыю, — падкрэсліў чыноўнік. — Таму з улікам прынятых рашэнняў я б даваў папярэднія ацэнкі працы эканомікі ў бягучым годзе па выніках чатырох месяцаў”.

Паводле яго слоў, з улікам “рознага роду тэндэнцый” праз гэты перыяд урад зможа зразумець, “на якія параметры ў цэлым <…> [варта] выходзіць па выніках бягучага года”.

Прэм’ер адзначыў, што ўпор у працы эканомікі будзе зроблены на “ўнутраныя рэсурсныя магчымасці”. “Гэта дзяржаўныя фінансы, банкаўская сістэма, уласныя сродкі суб’ектаў гаспадарання, магчымыя знешнія інвестыцыі”, — удакладніў ён.

На працягу гэтага года, не выключыў Турчын, будуць прадстаўлены інвестары, якія “ўнясуць свой уклад у розныя сферы эканомікі Беларусі, у тым ліку і ў вытворчую”.

Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі ў студзені 2025 года склаў 7 млрд 20,4 млн долараў — на 2,6% менш, чым за першы месяц 2024-га (7 млрд 208,5 млн), сведчаць папярэднія даныя Нацыянальнага банка.

Экспарт склаўся на ўзроўні 3 млрд 392,6 млн долараў (3 млрд 676,7 млн; -7,7%), імпарт — 3 млрд 627,8 млн (3 млрд 531,9 млн; +2,7%). Адмоўнае сальда — 235,2 млн долараў (годам раней было дадатным — 144,8 млн).

Знешнегандлёвы абарот тавараў склаў 5 млрд 787 млн долараў (6 млрд 98,7 млн; -5,1%): экспарт — 2 млрд 667,2 млн (3 млрд 8,9 млн; -11,4%); імпарт — 3 млрд 119,8 млн (3 млрд 89,8 млн; +1%); адмоўнае сальда — 452,6 млн (-80,9 млн; рост у 5,6 раза).

Знешнегандлёвы абарот паслуг склаўся на ўзроўні 1 млрд 233,4 млн долараў (1 млрд 109,8 млн; +11,1%): экспарт — 725,4 млн (667,8 млн; +8,6%); імпарт — 508 млн (442,1 млн; +14,9%); дадатнае сальда — 217,4 млн (225,7 млн; -3,7%).

Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг у 2024 годзе склаў 100 млрд 79,3 млн долараў — на 5,1% больш, чым за 2023-ы (95 млрд 180,8 млн).

Экспарт склаўся на ўзроўні 49 млрд 385,3 млн долараў (47 млрд 713,6 млн; +3,5%), імпарт — 50 млрд 694 млн (47 млрд 467,2 млн; +6,8%). Адмоўнае сальда — 1 млрд 308,7 млн долараў (годам раней было дадатным — 246,4 млн).

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на 2025 год, прырост экспарту тавараў і паслуг павінен скласці 5,4%.

Падзяліцца: