Мінск 01:27

Генеральны сакратар ААН абмеркаваў з Рыжанковым вайну ва Украіне

26 верасня, Позірк. Супрацоўніцтва паміж ААН і Беларуссю, а таксама сітуацыю ў сферы рэгіянальнай бяспекі, уключаючы вайну ва Украіне, абмеркавалі генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш і міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Пра гэта паведаміла прэс-служба ААН.

Сустрэча прайшла 25 верасня ў рамках 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Падрабязнасці перамоваў не прыводзяцца. Беларускі МЗС у кароткім рэлізе тэму вайны ва Украіне не згадвае. Гаворыцца, што Рыжанкоў падзякаваў Гутэрышу за “падтрымку мірных ініцыятыў беларускага боку“, а генеральны сакратар “высока ацаніў унёсак Беларусі ў дзейнасць ААН“.

Мінск адкрыта падтрымлівае Маскву ў вайне супраць Украіны як вербальна, так і пастаўкамі для расійскай арміі.

24 верасня на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене пастаянны прадстаўнік Беларусі пры гэтай арганізацыі Андрэй Дапкюнас заявіў, што ўкраінскія ўлады “пасля 2014 года [вырашылі] жорстка перафарматаваць дзяржаўную ідэнтычнасць краіны насуперак яе шматнацыянальнай і шматканфесійнай прыродзе“.

“Кіеў заснаваў гэтую ідэнтычнасць на ідэі нацыянальнай выключнасці, праслаўленні заходнеўкраінскага нацыяналізму і антырасійскай рыторыцы“, што стала “адной з важных прычын трагедыі сучаснай Украіны”, сказаў пастаянны прадстаўнік.

Дапкюнас фактычна выступіў з апраўданнем расійскай агрэсіі: “Ніводная краіна свету, якая паважае сябе, не зможа спакойна глядзець на такі дзяржаўны антыпраект на сваёй мяжы“.

Падзяліцца: