Мінск 22:19

За мінулыя суткі на пажары загінуў адзін чалавек, але на статыстыцы МНС гэта не адбілася

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

22 сакавіка, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 21 сакавіка да 6:00 22 сакавіка) ад агню ў Беларусі памёр адзін чалавек, сведчаць даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Трагедыя адбылася ўвечары 21 сакавіка ў жылым доме ў Рагачове (Гомельская вобласць). Падчас тушэння пажару было знойдзена цела гаспадара адной з кватэр (1964 года нараджэння).

Варта адзначыць, што на статыстыцы МНС гэты выпадак ніяк не адбіўся. У зводнай табліцы, якую ведамства абнаўляе штодня, на 22 сакавіка лічыцца 196 чалавек, загінулых ад пачатку года ў надзвычайных сітуацыях (+34,2% да аналагічнага перыяду 2024 года, за які было зафіксавана 146 смерцяў). Аднак гэтага значэння паказчык дасягнуў яшчэ 19 сакавіка і з таго часу не змяняўся.

Гэта не першы такі выпадак, калі адбываецца карэкцыя звестак па смяротнасці на пажарах у бок заніжэння. “Позiрк” ужо некалькі разоў звяртаў на гэта ўвагу.

Паводле даных МНС, з пачатку года ў Беларусі адбылося 1.779 пажараў (+38%; 1.289).

У Беларусі фіксуецца “сур’ёзная праблематычная сітуацыя” з гібеллю людзей на пажарах, заявіў на прэс-канферэнцыі 4 сакавіка ў Мінску памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях, прэс-сакратар МНС Яўген Бараноўскі.

“Вельмі сур’ёзны рост, такі непрыемны рост [колькасці загінулых]”, — сказаў ён.

Асноўная прычына, з якой павялічваецца колькасць пажараў, — неасцярожнае абыходжанне з агнём, у першую чаргу звязанае з курэннем у стане алкагольнага ап’янення, адзначыў прадстаўнік МНС.

“Сёння мы рэалізуем дастаткова дакладны, адрасны, на падставе сур’ёзнага аналізу комплекс прафілактычных мер, — паведаміў Бараноўскі. — І мы бачым партрэт групы рызыкі. Мы ўсе цудоўна ведаем, што пажары ў асноўным адбываюцца ў начны час сутак, ахвярамі агню становяцца людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Гэта людзі сталага веку, якія жывуць самотна, пенсіянеры, інваліды”.

“Сёння на дзяржаўным узроўні, у рамках працы ўсіх зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі (не толькі МНС) <…> робіцца ўсё для таго, каб стабілізаваць гэтую абстаноўку, але разам з тым праблема існуе”, — заявіў ён.

Падзяліцца: