Мінск 03:32

За год стаўленне палякаў да беларусаў амаль не змянілася — сацапытанне

Крыніца: pexels.com

24 сакавіка, Позірк. 48% жыхароў Польшчы негатыўна ставяцца да грамадзян Беларусі, сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага 9–19 студзеня кампаніяй Statistа.

У апытанні прынялі ўдзел 972 рэспандэнты. 20% з іх заявілі аб пазітыўным стаўленні да беларусаў, 24% — аб нейтральным, 9% не змаглі даць адказ.

Аналагічнае даследаванне, праведзенае 11–21 студзеня 2024 года польскім Цэнтрам вывучэння грамадскай думкі, прадэманстравала падобныя вынікі. У ім удзельнічала 1.015 чалавек. Аб негатыўным стаўленні да грамадзян Беларусі тады паведаміла 47% апытаных, аб пазітыўным — 24%, аб нейтральным — 21%, не далі адказу — 8%.

Як і год таму, больш негатыўнае стаўленне ў жыхароў Польшчы толькі да расіян (72% у 2025 годзе, 76% — у 2024-м). Пазітыўнае стаўленне да іх цяпер выказала 8% рэспандэнтаў (год таму столькі ж), нейтральнае — 14% (11%), не змаглі даць адказ 6% (столькі ж).

Да прадстаўнікоў народа рома пазітыўна ставяцца 18% палякаў (22%), нейтральна — 31% (26%), негатыўна — 43% (столькі ж), не змаглі даць адказ — 8% (столькі ж).

Паводле даных даследавання, лепш за ўсё жыхары Польшчы ставяцца да італьянцаў — пра гэта заявіла 60% апытаных (63%). Далей ідуць амерыканцы — 58% (65%), іспанцы — 55% (год таму даныя не прадстаўленыя), чэхі — 54% (61%).

На 28 лютага 2025 года дазвол на пражыванне ў Польшчы мела 143.097 грамадзян Беларусі. На канец 2023 года ў гэтай краіне пражывала амаль 119 тыс. грамадзян Беларусі, якія атрымалі дакументы для легальнага знаходжання. У жніўні 2020 года такіх было 28 тыс. Такім чынам, за 4,5 года колькасць легалізаваных у Польшчы беларусаў вырасла ў 5,1 раза.

Падзяліцца: