Мінск 23:49

Парламентарыі Беларусі сустрэнуцца ў Мінску з дэпутатам ад правапапулісцкай нямецкай партыі Зінгерам

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку“ 29 сакавіка 2025 года ў 13:56

Ульрых Зінгер
Архіўнае відэа: augsburg.tv / Стоп-кадр: "Позірк"

29 сакавіка, Позірк. “Удзел дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у сустрэчы з дэпутатам ландтага федэральнай зямлі Баварыя Ульрыхам Зінгерам” запланаваны на 11:00 3 красавіка ў кабінеце № 567, сведчыць графік дзейнасці на сайце ніжняй палаты парламента Беларусі.

Зінгер — член правапапулісцкай партыі “Альтэрнатыва для Германіі” (“АдГ”; нярэдка ацэньваецца як ультраправая). У баварскім ландтагу з 2018 года.

У сакавіку 2024 года наведваў Расію ў якасці назіральніка на прэзідэнцкіх выбарах. Пасля прыезду заявіў у інтэрв’ю нямецкаму выданню Frankfurter Allgemeine, што вывучаў рускую мову ва ўніверсітэце, праходзіў практыку ў Маскве, з таго часу мае “добрыя сувязі” з РФ. Дэпутат таксама прызнаўся, што мае дачу “ў прадмесцях Масквы”.

Расію Зінгер называў “аўтарытарнай дэмакратыяй”, развязаную ёю поўнамаштабную вайну супраць Украіны — вайной, а не “спецыяльнай ваеннай аперацыяй”, як пра яе кажуць расійскія і беларускія ўлады. У той жа час выказваў меркаванне, што “фундаментальным чынам Расія гэтую вайну не прайграе”.

Сёлета на пачатку сакавіка Зінгер праз відэасувязь узяў удзел у праграме “САСС уполномочен заявить” на тэлеканале СТБ, падчас якой заявіў, што на лютаўскіх выбарах у Германіі народ краіны “зрабіў дакладны выбар” на карысць “кансерватыўнага павароту” і “адыходу ад палітыкі апошніх гадоў”. “Перш за ўсё, нам патрэбны мір і добрыя стасункі з Расіяй. І ўсё гэта магчыма толькі з “АдГ”, — сцвярджаў ён.

27 сакавіка Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да 25 фізічных і 7 юрыдычных асоб з Беларусі, у тым ліку супраць ТАА “Цыбулька-Бел” з аграгарадка Гуды Лідскага раёна (Гродзенская вобласць).

Раней паведамлялася, што ўладальнікам “Цыбулькі-Бел” з’яўляецца дэпутат федэральнай зямлі Саксонія ад “АдГ” Ёрг Дорнау, які падазраецца ў выкарыстанні працы беларускіх палітвязняў.

Падзяліцца: