Мінск 22:14

Лукашэнка пра памерлага папу Францішка: Удзячны за ўмацаванне стасункаў паміж Беларуссю і Святым Пасадам

Ілюстрацыйнае фота: VATICAN MEDIA Divisione Foto

21 красавіка, Позірк. У Беларусі “з пачуццём глыбокага смутку ўспрынялі навіну пра завяршэнне жыццёвага шляху” папы рымскага Францішка, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, выказваючы ў дзень смерці пантыфіка спачуванні кардыналу-камерленга Рымска-каталіцкай царквы Кевіну Фарэлу.

Палітык, пасланне якога апублікавала яго прэс-служба, назваў спачылага “сапраўдным гуманістам і абаронцам інтарэсаў простага чалавека”, які зрабіў “неацэнны ўнёсак у справу забеспячэння сацыяльнай роўнасці і справядлівасці”.

“З цеплынёй успамінаю афіцыйны візіт у Ватыкан (быў на аўдыенцыі пантыфіка ў траўні 2016 года. — “Позірк”.) і думкі, якімі мы абменьваліся з Францішкам у шчырых лістах. Удзячны за яго працу па ўмацаванні ўзаемапаважлівых стасункаў паміж Беларуссю і Святым Пасадам”, — адзначыў Лукашэнка.

Папа рымскі Францішак (ураджэнец Аргентыны Хорхе Марыа Бергольа) памёр раніцай 21 красавіка, у другі дзень Вялікадня.

Напярэдадні ў штогадовым велікодным пасланні 88-гадовы пантыфік сярод іншага заклікаў да вызвалення ваеннапалонных і палітычных вязняў.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў спачуванні ў сувязі з яго смерцю адзначыла, што Францішак выступаў супраць смяротнага пакарання, “называў чалавечае жыццё найвышэйшай каштоўнасцю і святасцю”. “Ён не раз праяўляў салідарнасць з палітвязнямі і заклікаў да іх вызвалення, а таксама падтрымліваў імкненне да свабоднай Беларусі. Ён называў вайну трагедыяй, што прыносіць смерць і слёзы”, — адзначыла палітык.

З раніцы 21 красавіка Лукашэнка наведваў Віцебскую вобласць. Спачуванні ў сувязі са смерцю пантыфіка з’явіліся праз шэсць гадзін пасля весткі пра смерць Францішка.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

Ад пачатку восені 2020 года па 11 красавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 88 хрысціянскіх служыцеляў, у тым ліку каталіцкага касцёла — 33, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Разам з тым рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

У снежні 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Святым Пасадзе да 1 верасня 2025-га. Сёлета 27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў амбасадарам пры гэтым суверэнным каталіцкім суб’екце Юрыя Амбразевіча, які раней займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў.

Падзяліцца: