Мінск 22:27

Беларусь і ААЭ “акрэслілі крокі па інтэнсіфікацыі кантактаў” паміж ваеннымі ведамствамі

25 красавіка, Позірк. “Крокі па інтэнсіфікацыі кантактаў” паміж ваеннымі ведамствамі “акрэслілі” першы намеснік начальніка Дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы беларускага Міністэрства абароны Аляксандр Венгура, вайсковы аташэ пры амбасадзе Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Расіі і Беларусі па сумяшчальніцтве Хамад Абайд Альрашдзі і яго намеснік Насір Матар Альтэнейджы.

Паводле інфармацыі, распаўсюджанай 25 красавіка прэс-службай Мінабароны, сустрэча прайшла “з нагоды завяршэння працэдуры іх акрэдытацыі” пры беларускім ваенным ведамстве.

Бакі, як паведамляецца, сярод іншага абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковай вайсковай супрацы.

Беларускія ведамствы апошнія гады актывізавалі кантакты з ААЭ.

У лістападзе 2023 года кіраўнік Мінабароны Віктар Хрэнін знаходзіўся з візітам у ААЭ для падпісання пагаднення аб вайсковай супрацы. Чыноўнік таксама наведаў выставу авіяцыйнай тэхнікі, якая прайшла ў рамках авіяшоу “Dubai Airshow 2023”.

У сакавіку 2024 года прэс-служба МУС па выніках сустрэчы міністра Івана Кубракова з начальнікам паліцыі Дубая Абдулой Халіфам Аль Мары на палях Сусветнага паліцэйскага саміту ў найбуйнейшым горадзе ААЭ паведаміла, што міністэрства “гатовае працягваць праграму падрыхтоўкі эмірацкіх супрацоўнікаў паліцыі ў Беларусі па розных кірунках”.

У красавіку таго ж года Палата прадстаўнікоў прыняла два законапраекты, скіраваныя на пашырэнне супрацы Беларусі з ААЭ — у галіне бяспекі і супрацьдзеяння тэрарызму, а таксама па пытаннях узаемнага прызнання і абмену пасведчанняў кіроўцы.

Юрыдычная каманда офіса Святланы Ціханоўскай летась у чэрвені заклікала беларусаў адмовіцца ад паездак у ААЭ, паколькі гэта можа быць небяспечна пасля падпісання пагаднення аб супрацы “ў галіне бяспекі і супрацьдзеяння тэрарызму”.

У снежні 2024 года Аляксандр Лукашэнка здзейсніў дзясяты візіт у гэтую арабскую краіну.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і ААЭ ўсталяваныя 20 кастрычніка 1992 года. Амбасада Беларусі ў Абу-Дабі распачала працу ў снежні 1999 года, а ААЭ у Мінску — у кастрычніку 2008-га.

Падзяліцца: