Мінск 23:25

Дзяржпагранкамітэт паведаміў пра выяўленне цела замежніка на мяжы з Латвіяй

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

22 траўня, Позірк. Цела мужчыны нееўрапейскай знешнасці знайшлі напярэдадні полацкія пагранічнікі за два метры ад мяжы з Латвіяй, паведаміла 22 траўня прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Мужчына знаходзіўся “непасрэдна ля брамкі для жывёл” у латвійскай памежнай загародзе. Дакументаў пры ім не знойдзена.

На месцы працавала следча-аператыўная група “з мэтай высвятлення магчымага факта перамяшчэння трупа з тэрыторыі Латвіі”.

Паводле даных пагранічнага ведамства, з пачатку месяца на беларуска-латвійскай мяжы беларускія пагранічнікі знайшлі 6 цел. З 2021 года на мяжы з Еўрасаюзам, як сцвярджаецца, загінула 74 чалавекі. Адметна, што летась у снежні намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці Дзяржпагранкамітэта Мікалай Барэйка заяўляў, што да таго дня з 2021 года на мяжы з краінамі ЕС загінула 72 мігранты. Адказнасць за гэта ён усклаў на “калег з сумежных дзяржаў”.

Згодна з падлікамі “Позірку”, ад пачатку 2025 года Латвія зафіксавала каля 3,6 тыс. спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі (у траўні — каля 1,6 тыс.; з 1 студзеня па 21 траўня 2024-га — каля 2 тыс.).

У сувязі з рэзкім павелічэннем актыўнасці мігрантаў на мяжы Латвіі з Беларуссю 12 траўня Эстонія накіравала на дапамогу латвійскім калегам групу супрацоўнікаў дэпартамента паліцыі і памежнай аховы.

Згодна з дакладам “Бяспечнага шляху няма. Смерці мігрант_ак на мяжы Еўрапейскага саюза і Беларусі” праваабарончай арганізацыі Human Constanta, з вясны 2021-га па канец сакавіка 2024-га не менш за 116 нелегальных мігрантаў, у тым ліку 15 жанчын, памерла на мяжы Беларусі з краінамі ЕС. Непасрэдна на тэрыторыі Беларусі на канец сакавіка 2024 года памерла не менш як 47 чалавек.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты апынаюцца на мяжы з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца у Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: