Мінск 03:35

Паводле даных ДПК, за тыдзень у Беларусь прыбыло амаль 11 тыс. грамадзян Украіны, але ніводнага з боку Латвіі

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

6 чэрвеня, ПозіркЗа тыдзень з 30 траўня па 6 чэрвеня ў Беларусь прыбыло 10.999 грамадзян Украіны (з 23 па 30 траўня — 9.893), вынікае з даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, транзітам праз Польшчу накіравалася 8.996 украінскіх грамадзян (4.840), Літву — 2.000 (1.536), Латвію — 0 (3.516), непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу — 3 (0).

Агулам з 24 лютага 2022 года (пачатак поўнамаштабнага ўварвання РФ) у Беларусь з украінскай тэрыторыі прыбыло 443.225 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 16.006, транзітам праз Польшчу — 331.294, Літву — 84.324, Латвію — 11.601.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, за 2024 год у Беларусь уехаў 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь уехала больш за 71 тыс. грамадзян Украіны; такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 раза.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” ў лютым 2024 года Ігар Кізім, які на той момант займаў пасаду амбасадара па асоблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Згодна з апошнімі данымі ААН, на 17 красавіка 2025 года па ўсім свеце налічвалася 6.917.800 украінскіх уцекачоў, у тым ліку ў краінах Еўропы — 6.357.600.

Падзяліцца: