Ціханоўскі памілаваны “выключна з гуманных меркаванняў”, сцвярджае прэс-сакратар Лукашэнкі

21 чэрвеня, Позірк. Рашэнне вызваліць Сяргея Ціханоўскага было прынятае Аляксандрам Лукашэнкам “выключна з гуманных меркаванняў, з мэтай уз’яднання сям’і”, заявіла прэс-сакратар палітыка Наталля Эйсмант.
“Прэзідэнтам прынятае рашэнне аб памілаванні 14 асуджаных. Гэта была просьба прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі, — прыводзіць яе словы неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы. — У асноўным гэта замежнікі: 2 грамадзяніна Японіі, 3 грамадзяніна Польшчы, 2 — Латвіі, а таксама грамадзяне Эстоніі, Швецыі і ЗША. У спісе і некалькі беларусаў”.
Усе яны, паводле слоў Эйсманта, “асобы, асуджаныя за экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць”.
Прэс-сакратар Лукашэнкі заявіла The New York Times, што перамовы пачаліся ўвечары 20 чэрвеня і доўжыліся 6,5 гадзіны.
Раней “Позірк” паведамляў, што ў ліку вызваленых грамадзянін Эстоніі Алан Ройё, Латвіі — Юрыйс Ганінс і Дзмітрый Міхайлаўс, Швецыі — Галіна Краснянская (мае таксама беларускае грамадзянства), трое грамадзян Польшчы, чые імёны невядомыя.
На волю таксама выйшлі актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада (сын грамадзяніна Беларусі Святаслава Гаеўскага і Тамако Ханады, што працавала сакратаром па культуры японскай амбасады; магчыма, мае грамадзянства Японіі), экс-супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца Наталля Дуліна, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў і Сяргей Ціханоўскі.
Палітвязняў вызвалілі 21 чэрвеня пасля сустрэчы ў Мінску спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага і Аляксандра Лукашэнкі. Частка вызваленых знаходзіцца ў Вільнюсе.
Намеснік Келага Джон Коўл заявіў, што місію па вызваленні групы беларускіх палітвязняў “натхніў прэзідэнт [Дональд] Трамп”, падтрымку аказалі намеснік дзяржсакратара Крыс Лэндаў ды “іншыя прадстаўнікі адміністрацыі”.
У 2019 годзе Сяргей Ціханоўскі стварыў ютуб-канал “Краіна для жыцця”, які хутка стаў папулярным сярод беларусаў. Блогер наведваў рэгіёны Беларусі, сустракаўся з падпісчыкамі, браў у іх інтэрв’ю, падчас якіх мясцовыя жыхары расказвалі пра свае праблемы, крытыкавалі ўлады.
Ціханоўскі выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, аднак перад пачаткам выбарчай кампаніі быў арыштаваны паводле адміністрацыйнага абвінавачання за “арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства” і не змог асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. На падставе даверанасці гэта зрабіла яго жонка Святлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістравала блогера ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, паколькі даверанасць, як сцвярджалася, не была ім падпісаная.
Пасля гэтага дакументы падала Ціханоўская, і Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яе ў якасці прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду.
Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Ціханоўскі стаў даверанай асобай жонкі і далучыўся да кампаніі па зборы подпісаў за яе вылучэнне. 29 траўня 2020 года ён быў затрыманы ў Гродне пасля правакацыі падчас чарговага пікету па зборы подпісаў.
У сакавіку 2021 года Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскага. 14 снежня 2021-га ён быў прыгавораны да 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
27 лютага 2023 года яму дадалі яшчэ 1,5 года зняволення за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”.
З 9 сакавіка 2023 года Ціханоўскі знаходзіўся ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі — рэжыме інкамунікада.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка