За атрыманне хабараў затрыманыя топ-менеджары трох страхавых кампаній — МУС

23 чэрвеня, Позірк. Аб затрыманні ў Мінску топ-менеджараў трох страхавых кампаній паведаміла 23 чэрвеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.
Паводле слоў прадстаўніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) Уладзіміра Гарагляда, затрыманыя “два генеральныя дырэктары 47 і 62 гадоў, а таксама 65-гадовы мужчына, які раней займаў аналагічную пасаду”.
“Уступіўшы ў супрацьпраўную змову з прадстаўнікамі камерцыйных структур”, у чэрвені 2025 года гэтыя асобы “за вырашэнне пытанняў аб прадаўжэнні дзелавога супрацоўніцтва атрымалі хабары, якія, паводле папярэдніх звестак, складаюць дзясяткі тысяч еўра і долараў”, сказаў Гарагляд.
Узбуджана крымінальная справа.
“У цяперашні час вызначаецца кола іншых асоб, якія маюць дачыненне да карупцыйнай схемы. Праводзіцца праверка фінансавай дзейнасці страхавых фірмаў за апошнія гады”, — паведамляе МУС.
16 чэрвеня Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Дулуба, які абвінавачваецца паводле ч. 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару) і ч. 3 арт. 425 (бяздзейнасць службовай асобы) КК.
“Папярэднім следствам даказана атрыманне абвінавачаным хабараў у асабліва буйным памеры, — сцвярджае наглядны орган. — Акрамя гэтага, канфіскаваныя падчас расследавання крымінальнай справы больш за 3 млн долараў вернутыя ў даход дзяржавы”.
У 2024 годзе, як паведамляла Генпракуратура, зафіксавана 1.031 карупцыйнае злачынства. Найбольшую долю склала хабарніцтва (45,1%), больш за 70% выпадкаў выяўленыя ў закупачнай дзейнасці, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (32,8%). Крымінальнай адказнасці падвергнута 911 асоб, з іх 14 “займалі адказнае палажэнне”. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зафіксаваная ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве і гандлі.
У лютым прэс-служба Вярхоўнага суда паведамляла, што за ўчыненне карупцыйных злачынстваў у 2024 годзе было асуджана 709 чалавек — на 1,1% менш, чым у 2023 годзе (717).
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.
У сваім выступленні пасля цырымоніі інаўгурацыі 25 сакавіка 2025 года Лукашэнка, які заступаў на сёмы тэрмін, паабяцаў працягнуць “бязлітасную барацьбу з бюракратызмам і карупцыяй”.
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь у ЕАЭС па зарплаце ў галінах эканомікі ў асноўным займае трэцяе і чацвёртае месцыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка