Мінск 00:25

На фоне вызвалення 14 палітвязняў кіраўнік КДБ заявіў пра затрыманне 14 шпіёнаў

Старшыня КДБ Іван Церцель
Відэазапіс: news.by стоп-кадр: "Позірк"

23 чэрвеня, Позірк. “Толькі за 2025 год, за мінулы перыяд, Камітэтам дзяржбяспекі спынена дзейнасць 14 асоб — гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь і замежныя грамадзяне, падкрэсліваю, якія ажыццяўлялі дзейнасць, звязаную са шпіянажам (гэта для замежнікаў) і здрадай дзяржаве, калі мы гаворым пра грамадзян Рэспублікі Беларусь“, — такую заяву зрабіў старшыня КДБ Іван Церцель у інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню (выйшла ў эфір 22 чэрвеня).

“Пры правядзенні акцый агентурнай разведкі на нашай тэрыторыі, даразведкі ваеннай інфраструктуры, чыгунак, спробаў агентурнага пранікнення на прадпрыемствы абароннага комплексу мы затрымлівалі грамадзян замежных дзяржаў Заходняй Еўропы, шэрагу іншых, але і не толькі“, — сказаў Церцель.

Аб’ектамі, паводле яго сцвярджэння, з’яўляюцца “ў тым ліку органы ўлады і кіравання, нашы сакрэтаносьбіты, уразлівыя месцы ў нашай эканоміцы”. “Я б сказаў, насцярожвальны фактар, калі мы бярэм на прафесійнай мове спецслужбаў: гэта нейкім чынам спроба падрыхтоўкі з боку спецслужбаў тэатра ваенных дзеянняў да будучага супрацьстаяння, узброеных канфліктаў“, — выказаў канспіралагічную тэорыю кіраўнік КДБ.

На ягоную думку, “калектыўны Захад накіраваны на тое, каб стварыць пэўную аснову ў грамадстве нашым і ў перспектыве з магчымым узброеным канфліктам для развязання ўсіх пытанняў на сваю карысць”. “Масіраваная разведвальная дзейнасць па нашай тэрыторыі як з выкарыстаннем космасу, радыёразведкі, так і, вядома ж, агентурнай разведкі —асноўнай, якая з’яўляецца, нягледзячы на ўсе тэхнічныя прасунутасці, асновай для працы любой спецслужбы, любой разведкі свету“, — апісаў сваё бачанне сітуацыі Церцель.

Як сцвярджае кіраўнік ведамства, перыядычна туды “звяртаюцца прадстаўнікі замежных спецслужбаў з просьбай пайсці з жэстам добрай волі насустрач іх пажаданням і перадаць асоб, затрыманых за супрацоўніцтва з гэтымі спецслужбамі на нашай тэрыторыі, ім“. “Мы заўсёды настроены на канструктыўнае вырашэнне ўсіх пытанняў, мы заўсёды кажам нашым калегам: давайце ўсё ж такі разумець адзін аднаго і не абвастраць сітуацыю. Як правіла, у практыцы спецслужбаў прымяняецца методыка, калі вырабляецца ўзаемны абмен асобамі затрыманымі. Пакуль нашы замежныя партнёры нікога нам для абмену даць не могуць”, — сказаў Церцель.

Паводле яго слоў, гэтыя “абменныя аперацыі“ могуць праводзіцца “з улікам усяго комплексу ўзаемаадносін паміж краінамі — дружалюбныя, недружалюбныя і, вядома, з наяўнасцю абменнага фонду ў іншага боку“.

“Разам з тым выключэнні здараюцца. Вось, калі ласка, жэст добрай волі: кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне. Сярод гэтых 14 перададзеных літаральна на днях асоб па просьбе амерыканскага боку ёсць вялікая колькасць асоб, затрыманых за шпіёнскую дзейнасць на нашай тэрыторыі. Гэта грамадзяне Польшчы, Латвіі, некаторых іншых дзяржаў. Гэта жэст добрай волі, мы паглядзім, як адкажа іншы бок”, — заявіў Церцель.

Падзяліцца: