Мінск 16:20

Вялікабрытанія ўводзіць паэтапнае падвышэнне пошлін на азотныя ўгнаенні з Беларусі

Вытворчасць угнаенняў
Архіўнае відэа: "Гродна Азот" / стоп-кадр: "Позірк"

28 чэрвеня, Позірк. Вялікабрытанія ўводзіць паэтапнае падвышэнне пошлін на азотныя ўгнаенні, у тым ліку карбамід (мачавіну), якія паходзяць з Беларусі і Расіі, вынікае з інструкцыі па імпарце з гэтых краін, падрыхтаванай брытанскім Міністэрствам бізнесу і гандлю.

“Гэта мэтанакіраваная мера скіраваная на тое, каб пазбавіць Расію і Беларусь рэжыму найбольшага спрыяння ў адносінах да экспарту гэтых тавараў у Вялікабрытанію; пры гэтым улічваюцца інтарэсы брытанскіх імпарцёраў, якія імкнуцца дыверсіфікаваць свае ланцужкі паставак і знізіць залежнасць ад прадукцыі расійскага паходжання”, — адзначылі ў прэс-службе.

Згодна з версіяй 1.6 Палажэння аб дадатковых пошлінах, на таварную пазіцыю “Мінеральныя або хімічныя ўгнаенні, азотныя” (код 3102) з 18 ліпеня 2025 года па 30 чэрвеня 2026 года будзе дзейнічаць “стаўка дадатковай пошліны” — 10%, з 1 ліпеня 2026-га па 30 чэрвеня 2027-га — 20%, з 1 ліпеня 2027-га — 35%.

У сакавіку 2022 года ў Вялікабрытаніі была ўведзена 35-працэнтная пошліна на імпарт з Беларусі і РФ угнаенняў жывёльнага або расліннага паходжання (код 3101), фасфатных (3103), калійных (3104), змешаных (3105) угнаенняў.

У ліпені таго ж года дзяржава ўвяла забарону на імпарт угнаенняў — за выключэннем мачавіны.

Сёлета 1 ліпеня у Еўрасаюзе пачнуць дзейнічаць новыя пошліны на сельскагаспадарчую прадукцыю і некаторыя ўгнаенні з Беларусі і РФ.

Падзяліцца: