Мінск 01:10

Лукашэнка павіншаваў Трампа з Днём незалежнасці ЗША

Ілюстрацыя: pixabay.com

4 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста павіншаваў “Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Дональда Трампа і ўсіх амерыканцаў“ з Днём незалежнасці (арфаграфія захаваная), паведаміла прэс-служба віншавальніка.

“У перыяд Вашага першага прэзідэнцтва Мінск і Вашынгтон сталі на шлях нармалізацыі адносін. На жаль, у пэўны момант беларуска-амерыканскае ўзаемадзеянне адышло ад той пазітыўнай лініі. Перакананы, што такое становішча не адпавядае нацыянальным інтарэсам ні нашых краін, ні народаў. Прыйшоў час яго змяніць”, — заклікаў Лукашэнка Трампа.

Паводле яго слоў, Беларусь заўсёды выступала за пабудову канструктыўнага і паважлівага дыялогу з ЗША. “Спадзяюся на аднаўленне станоўчай дынамікі міждзяржаўных кантактаў і рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва“, — гаворыцца ў пасланні.

Лукашэнка “адрасаваў Дональду Трампу і народу ЗША найлепшыя пажаданні міру, дабрабыту і росквіту“, піша прэс-служба.

У 2021—2024 гадах, калі прэзідэнтам ЗША быў Джо Байдэн, Лукашэнка віншаваў з Днём незалежнасці толькі народ гэтай краіны — традыцыйная, запазычаная ў Расіі практыка Мінска ў стасунках з дзяржавамі, якія ён лічыць “недружалюбнымі“.

У 2020 годзе Лукашэнка жадаў Трампу “паспяховага правядзення выбараў прэзідэнта ЗША“, аднак у выніку перамог Байдэн.

Летась у лістападзе Лукашэнка з энтузіязмам успрыняў перамогу Трампа на выбарах. “Сардэчна віншую вас з вяртаннем на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі. Вынікі галасавання, якое сёлета праходзіла ў беспрэцэдэнтнай барацьбе, сталі ўвасабленнем вашага асабістага подзвігу. Вы яго здзейснілі перш за ўсё ў імя Амерыкі і яе грамадзян. Жадаю вам добрага здароўя, трапных палітычных рашэнняў, якія зробяць Амерыку зноў вялікай“, — гаварылася ў пасланні.

Беларускія ўлады знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, аднак, калі верыць заявам Мінска, бакі ўжо год вядуць непублічны дыялог. Адным з яго вынікаў стаў чэрвеньскі візіт у беларускую сталіцу спецпрадстаўніка Трампа па Украіне Кіта Келога і вызваленне пасля гэтага 14 зняволеных, у тым ліку палітычных, уключаючы мужа Святланы Ціханоўскай відэаблогера Сяргея Ціханоўскага.

За тры дні да цяперашняга паслання Трампу Лукашэнка раскрытыкаваў яго за ўдары па Іране, назваўшы іх “абсалютна незаконнымі“.

3 ліпеня беларускія ўлады адзначылі Дзень незалежнасці краіны. У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі аб віншаваннях з-за мяжы ЗША не названыя.

Падзяліцца: