Мінск 19:18

Латушка — пра магчымае выдварэнне з Польшчы беларуса, які напаў на яго: Гэта адкрывае скрыню Пандоры для ўсіх правакатараў

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 5 ліпеня 2025 года ў 16:00.

Фота: “Позірк”

5 ліпеня, Позірк. Хадайніцтва пракуратуры ў Варшаве аб выдварэнні з Польшчы з накладаннем штрафу беларускага грамадзяніна Яўгена К., “акрамя інтарэсаў правасуддзя”, “адлюстроўвае і намеры асобы, якая ўчыніла напад для наступнага вяртання ў Беларусь”.

Такое меркаванне выказаў 5 ліпеня намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, каментуючы “Позірку” адпаведнае рашэнне нагляднага органа па справе аб нападзе на яго, а таксама заклік да эмігрантаў лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча атакаваць апазіцыйных палітыкаў.

Паводле слоў Латушкі, калі такі падыход пракуратуры будзе падтрыманы ў судзе, то для вінаватага ў нападзе наступяць “нязначныя прававыя наступствы ў выглядзе штрафу (які, хутчэй за ўсё, не абавязкова павінен быць выплачаны) і пазбягання палітычна матываванага пакарання ў Беларусі”.

“Гэта фактычна адкрывае скрыню Пандоры для ўсіх правакатараў, якія могуць выкарыстоўваць напады на актывістаў, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл для наступнага так званага памілавання ў Беларусі. А з іншага боку, гэта стварае дадатковыя магчымасці для дзеянняў спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі на тэрыторыі Польшчы для арганізацыі экстэрытарыяльных злачынстваў і пераследаў”, — падкрэсліў палітык.

“Цяпер за гарантыі так званага памілавання, пазбягання адказнасці ў Беларусі і/або невялікую суму сродкаў могуць з’явіцца дадатковыя жадаючыя здзяйсняць падобныя правакацыі, пра што мяне і папярэдзілі ў адным з атрыманых пасля нападу паведамленняў”, — сказаў Латушка.

Пракуратура ў Варшаве паведаміла 4 ліпеня аб пачатку расследавання па факце нападу на Латушку.

Расследаванне праводзіцца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Польшчы — 212 (паклёп) і 217 (недатыкальнасць асобы).

Вінаватым у злачынствах называецца грамадзянін Беларусі, студэнт Варшаўскага ўніверсітэта Яўген К.

“У ходзе разбору ўстаноўлена, што 2 ліпеня 2025 года падчас лекцыі <…> у бок аднаго з дакладчыкаў Паўла Латушку быў кінуты кош са смеццем. Удзельнік лекцыі — студэнт Варшаўскага ўніверсітэта, які кінуў кош у бок пацярпелага, выкрыкваў у бок пацярпелага паклёпніцкія словы, пазначаючы пацярпелага словамі “здраднік, ганьба, забойца, ён хацеў спаліць усю апазіцыю”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што Яўген К. прызнаў сябе вінаватым у здзяйсненні апісаных дзеянняў. Ён, як паведамляецца, “шкадуе аб сваіх паводзінах, таму што гэта было неабдуманае дзеянне ў стане афекту, і папрасіў прабачэння за ўзніклую сітуацыю”.

Пракуратура адзначае, што падазраваны прыняў абавязанне аплаціць штраф у памеры 6.000 злотых (каля 1.670 долараў), у пагранічныя органы Варшавы накіраванае хадайніцтва аб выправаджэнні беларуса з Польшчы.

Нападаць на апазіцыйных палітыкаў з мэтай наступнага вяртання на радзіму заклікаў 5 ліпеня беларускіх эмігрантаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня праўладнай ЛДПБ Гайдукевіч.

“Навеяла ідэя добрая. Як вярнуцца на радзіму з Польшчы і Літвы тым, хто перажывае, што, можа, нешта здзейсніў і будзе да адказнасці прыцягнуты, а ў камісію адпаведную звяртацца не хоча”, — заявіў ён на сваёй старонцы ў “Інстаграме”.

“Сёння чалавека, які кінуў у Латушку вядром пустым, яму далі штраф 1.000 еўра і за кошт польскага боку дэпартуюць у Мінск. Вось што трэба рабіць. Бярэш пустое вядро, падыходзіш да [Паўла] Латушкі, [Франака] Вячоркі ці [Сяргея] Ціханоўскага… Пластмасавае, каб не параніць. Кідаеш у іх вядро … У [Святлану] Ціханоўскую не трэба — жанчына… І вяртаешся дадому”, — сказаў Гайдукевіч.

На яго думку, гэты ўчынак “будзе залічаны адпаведнымі органамі пры вяртанні”.

Спроба нападу на Латушку была прадпрынятая 2 ліпеня падчас урачыстага сходу ў дэпартаменце ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. У мерапрыемстве бралі ўдзел “афіцыйныя асобы Польшчы і прадстаўнікі дыпкорпуса”, паведаміў палітык у сваім тэлеграм-канале.

“Нападнік кінуў у мяне вядро і крычаў на ўсю залу, што я — “здраднік і хацеў спаліць апазіцыянераў”, паўтараючы ўчорашнюю хлусню Лукашэнкі. У цяперашні момант ён затрыманы паліцыяй. У апошнія дні я атрымліваў папярэджанні аб планаваных у дачыненні да мяне правакацыях і пагрозы жыццю, у тым ліку сёння раніцай”, — паведаміў Латушка.

Ён падкрэсліў, што здарэнне “ніякім чынам не паўплывае” на яго дзейнасць.

“Лукашэнка, ты адкажаш за свае злачынствы”, — напісаў Латушка.

Паводле даных партала reform.news, нападнікам з’яўляецца 33-гадовы Яўген Казанцаў, грамадзянін Беларусі, гісторык па адукацыі. Ён праходзіць навучанне ў Польшчы па праграме маладых навукоўцаў у Szkoła Europejska w Warszawie (Еўрапейская школа ў Варшаве; SEW).

Свой учынак, як паведамляецца, мужчына патлумачыў тым, што ў яго “скончылася віза”. Паводле слоў Казанцава, ён “выгарэў і не змог абараніць навуковую працу”. Нападнік заявіў, што напад на Латушку дазволіць яму “свабодна вярнуцца ў Беларусь”.

У 2022 годзе Казанцаў даваў каментары беларускім дзяржСМІ.

“Паталагічны хлус перасягнуў сам сябе“, — так пракаментаваў “Позірку” кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра яго.

1 ліпеня на сходзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Лукашэнка, паводле выразу дзяржСМІ, “падзяліўся шакавальнымі падрабязнасцямі наконт таго, што магло адбыцца, калі б у 2020 годзе ён асабіста не спыніў правакацыю, якая рыхтуецца“: “Калі б не Лукашэнка-дыктатар, іх (мабыць, лідараў апазіцыі. — “Позірк”.) спалілі б у адным доме, калі справакаваць іх хацелі. І гэты “лахушкін” (традыцыйная для Лукашэнкі абразлівая згадка Паўла Латушкі. — “Позірк”.) сядзіць сёння ў Польшчы і вяшчае. А гэта ён іх хацеў сабраць у адным доме тут, у цэнтры Менска, і спаліць. Дзякуй богу, што ў Ціханоўскай Святланы там была ахова так званая — з МУС хлопец “унюхаў“, што нешта не так і патэлефанаваў нашым сілавікам. Яны мне далажылі. Я сказаў: “Публічна, дэманстратыўна вазьміце пад ахову гэты дом”. І я з вуліц зняў “Альфу” і кінуў туды, каб яны ўбачылі, што мы ведаем і ахоўваем гэты дом. Правакацыя не ўдалася. Я ўпершыню кажу пра чалавека, які гэта намышляў. Для чаго? Дзеля таго каб быць адным лідэрам гэтай усёй смярдзючай апазіцыі. Яны да гэтага дастукаліся”.

“У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года я быў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра і на свае вочы бачыў зарыва ад вогненных выбухаў гранат над цэнтрам Менска, калі на ягоны загад пачалі забіваць і здзекавацца з беларусаў. А адзіным будынкам, які ахоўваў “Альфа“ КДБ, была ягоная адна з “наццаці“ рэзідэнцый, у якой ён схаваўся і дрыжаў ад страху ад людской нязгоды і пратэсту“, — заявіў “Позірку” Латушка.

“Страх не адпускае дыктатара дагэтуль. Хоць мне ўяўляецца, тут не каментар гэтаму маналогу дыктатара варта даваць, а дыягназ ставіць трэба“, — дадаў палітык.

Падзяліцца: