Мінск 05:07

МУС заявіла пра выкрыццё “злачыннай схемы закупкі” лекаў, у ліку фігурантаў прадстаўніца Мінздароўя

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

9 ліпеня, Позірк. Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС выявілі “злачынную схема закупкі лекавых сродкаў рэспубліканскага маштабу”, паведаміла 9 ліпеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Прадстаўнік ГУБАЗіК Уладзімір Гарагляд заявіў у відэакаментарыі, што сярод іншых у справе замяшаная прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя, якая “на працягу некалькіх гадоў разам з саўдзельнікамі” забяспечвала замежнай кампаніі магчымасць пастаўкі ў Беларусь “розных медпрэпаратаў на мільёны рублёў”.

“За лабіяванне інтарэсаў бізнесменаў былі “падзякі”: грашовыя ўзнагароды, дарагія падарункі, сямейныя туры за мяжу, наведванне забаўляльных устаноў. Падчас чарговай канфідэнцыйнай сустрэчы падазраваная атрымала ад камерсанта звыш сямі тысяч долараў, пасля чаго была затрыманая аператыўнікамі ГУБАЗіК”, — гаворыцца ў паведамленні.

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу за “атрыманне хабару ў буйным памеры”. Прадстаўніца Мінздароўя “змешчаная ў СІЗА, дае прызнальныя паказанні, ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі”.

Генеральны пракурор Андрэй Швед 24 чэрвеня на рэспубліканскай нарадзе па пытаннях эфектыўнасці мер па барацьбе з карупцыяй паведаміў, што каля 850 службовых асоб штогод прыцягваецца да крымінальнай адказнасці за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў.

Пры гэтым ён адзначыў, што на працягу апошніх гадоў колькасць карупцыйных злачынстваў, якія рэгіструюцца ў Беларусі, “паступова зніжаецца”: з 1.603 у 2015 годзе да 1.031 у 2024-м.

Раней Генпракуратура паведамляла, што з 1.031 выяўленага ў 2024 годзе карупцыйнага злачынства на хабарніцтва прыпадала 45,1%, а на крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі — 32,8%.

Да крымінальнай адказнасці летась, як паведамлялася, было прыцягнута 911 асоб, з іх 14 “займалі адказнае становішча”. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зафіксаваная ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве і гандлі.

У лютым прэс-служба Вярхоўнага суда паведамляла, што за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў у 2024 годзе было асуджана 709 чалавек — на 1,1% менш, чым у 2023-м (717).

Падзяліцца: