Мінск 02:51

Беларусь і Лаос падпісалі пагадненне аб узаемнай адмене віз

17 ліпеня, Позірк. Міжурадавае пагадненне аб узаемнай адмене віз па выніках сустрэчы 17 ліпеня падпісалі міністры замежных спраў Беларусі і Лаоса Максім Рыжанкоў і Тхонгсаван Фамвіхан.

Сустрэча прайшла ў Лаосе, паведамляе беларускае знешнепалітычнае ведамства.

Адмена віз, як заяўляе МЗС, “адкрые новыя перспектывы для развіцця двухбаковых сувязяў у розных сферах — ад дзелавога партнёрства і ўзаемадзеяння грамадскіх арганізацый да турызму і гуманітарных ініцыятыў”.

На перамовах міністры адзначылі “ўстойлівую пазітыўную дынаміку беларуска-лаоскіх адносін, заснаваную на трывалых гістарычных сувязях, якія ўзыходзяць да савецкага перыяду”.

Анансуецца абмен візітамі на вышэйшым узроўні, у прыватнасці, прыезд у Беларусь прэзідэнт Лаоса Тханглуна Сісуліта.

З Сісулітай Рыжанкоў таксама сустрэўся 17 ліпеня, МЗС назваў гэта “ключавым мерапрыемствам” візіту кіраўніка МЗС у Лаос.

“Асаблівая ўвага” на сустрэчы была нададзена “рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Лаоса на палях саміту БРІКС у Казані ў кастрычніку 2024 года”. “У кантэксце падрыхтоўкі візіту прэзідэнта Лаоса ў Беларусь беларускі бок прапанаваў правесці міжмідаўскія палітычныя кансультацыі па ўсіх пытаннях двухбаковага парадку дня, актуалізаваць дагаворна-прававую базу, паскорыць правядзенне пасяджэння міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, арганізаваць візіт міністра замежных спраў Лаоса ў Беларусь, а таксама актывізаваць узаемадзеянне па лініі грамадскіх арганізацый і палітычных партый”, — гаворыцца ў рэлізе.

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Лаоса Сонсаем Сіпханданам “асноўны акцэнт быў зроблены на развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі”.

Заяўляецца, што лаоскі прэм’ер “выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларуссю ў сферах энергетыкі, нафтахіміі, здабычы карысных выкапняў і сельскай гаспадаркі”.

“Асобная цікавасць лаоскага боку была праяўлена да тэхналагічных магчымасцяў Беларусі па вытворчасці калійных угнаенняў і дзіцячага харчавання на базе сухога малака”, — адзначае МЗС.

Рыжанкоў важным напрамкам двухбаковага супрацоўніцтва назваў “падрыхтоўку лаоскіх спецыялістаў у беларускіх установах адукацыі па спецыяльнасцях, запатрабаваных для рэалізацыі сумесных праектаў”.

Беларусь і Лаос усталявалі дыпламатычныя адносіны 7 лютага 1994 года.

Падзяліцца: