Мінск 16:44

За тыдзень беларускім бязвізам скарысталася амаль 4 тыс. еўрапейцаў

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

8 верасня, Позірк. З 1 па 8 верасня ў Беларусь без віз уехала 3.966 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 3.461), вынікае з даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд у Беларусь прыбылі 1.297 грамадзян і неграмадзяні Латвіі (1.203), 1.187 грамадзян Літвы (935), 545 грамадзян Польшчы (488) і 937 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (835).

Агулам з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 1.199.242 жыхары Еўропы. З Латвіі прыбыла 383.659, Літвы — 646.199, Польшчы — 121.758. У рамках пашыранага яшчэ на 35 еўрапейскіх дзяржаў бязвіза з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехала 47.626 замежных грамадзян.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: