Мінск 18:42

Лукашэнка пра эканоміку пад санкцыямі: Цяжка дагэтуль, наўрад ці будзе лягчэй і надалей

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

9 верасня, Позірк. За “апошнюю пяцігодку” беларуская эканоміка сутыкнулася з “беспрэцэдэнтнымі выклікамі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 верасня ў Мінску на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў.

Прычынай таму спікер, як паведамляе яго прэс-служба, назваў “уведзеныя проста нябачаныя, цмокавы санкцыі”.

“Чакалі, што мы ўпадзем на калені. Але сёння мы можам сказаць (можа быць, нават з упэўненасцю): мы не банкруты, мы далі рады. Так, гэта было цяжка. Цяжка дагэтуль. Наўрад ці будзе лягчэй і надалей”, — заявіў Лукашэнка.

Прычынай увядзення заходніх абмежавальных мер ён назваў не сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары, не маштабныя рэпрэсіі яго рэжыму супраць народа і не падтрымку Расіі ў вайне з Украінай, а “незалежную палітыку”.

“Бо розныя пагрозы нікуды не падзеліся, барацьба за ўплыў, рэсурсы (у тым ліку фінансавыя), розумы становіцца ўсё больш жорсткай і непрадказальнай. Мы працягваем змагацца за мір, стабільнасць, упэўненасць нашых людзей у заўтрашнім дні”, — сцвярджае палітык.

Кажучы пра працу банкаўскага сектара, Лукашэнка, спаслаўшыся на даклады, адзначыў, што “ў цэлым сітуацыя ў грашова-крэдытнай сферы і на валютным рынку асцярог не выклікае”.

У прыватнасці, ён згадаў скаргі на адрас банкаў ад звычайных людзей: “То старыя долары не прымаюць, то навязваюць кліентам страхавыя паслугі”.

“Давайце дамовімся, з 1 студзеня 2026 года наяўнасць такіх фактаў аўтаматычна пацягне за сабой дысцыплінарную адказнасць кіраўніка [банка]. Крыўдзіць людзей нейкімі надуманымі пытаннямі нельга. Не трэба паказваць, што вы разумнейшыя за іншых”, — падкрэсліў спікер.

На 1 жніўня 2025 года ў Беларусі зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 11 млрд 397,3 млн рублёў (+2,3% за месяц і +14,4% у гадавым вымярэнні).

Прыбытак банкаў, што працуюць у Беларусі, на 1 жніўня 2025 года склаў 2 млрд 719 млн рублёў — на 35,4% больш, чым месяцам раней (2 млрд 7,5 млн), і на 27,7% больш, чым на пачатак жніўня 2024-га (2 млрд 128,8 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага банка.

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 жніўня 2025 года склала 61 млрд 172,3 млн рублёў, сведчаць даныя рэгулятара.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што актуальная сума доўгу на 12,4% большая, чым было на 1 жніўня 2024-га (54 млрд 404,5 млн рублёў), і на 3,8% большая, чым на 1 студзеня 2025-га (58 млрд 952,8 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць на 1 жніўня склала 255,3 млн рублёў (+4,5%). На 1 студзеня яна складала 733,5 млн рублёў (зніжэнне амаль у 2,9 раза).

Запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 жніўня 2025 года склала 28 млрд 192,3 млн рублёў (год таму — 22 млрд 812,6 млн; +20,6%). Пратэрмінаваная — 48 млн рублёў (40,4 млн; +18,8%).

Падзяліцца: