Мінск 02:56

МЗС “рашуча асудзіў” закрыццё Польшчай і Латвіяй паветранай прасторы ўздоўж мяжы з Беларуссю

Будынак МЗС Беларусі
Фота: mfa.gov.by

11 верасня, Позірк. Дзеянні ўладаў Польшчы і Латвіі па фактычным закрыцці паветранай прасторы ўздоўж мяжы з Беларуссю з’яўляюцца “дыскрымінацыйнымі мерамі“ і “не маюць нічога агульнага з тымі надуманымі пагрозамі, якія яны нібыта павінны адлюстраваць“, заявіў 11 верасня МЗС Беларусі. Ведамства “рашуча асуджае” крокі Варшавы і Рыгі.

На думку Мінска, такія дзеянні суседніх краін “выглядаюць асабліва абсурдна на фоне скасавання ЗША раней дзейных санкцый у дачыненні да беларускай авіякампаніі “Белавія“.

Беларускія ўлады лічаць, што “прынятыя Варшавай і Рыгай рашэнні нанясуць істотную шкоду самому Еўрапейскаму саюзу і яго дзелавым партнёрам, пагоршаць існуючыя складанасці ў сферы міжнародных перавозак пасажыраў і грузаў, прывядуць да далейшага абвастрэння напружанасці і паглыблення самаізаляцыі ЕС”.

“Стурбованыя“ ў МЗС Беларусі і экалагічнай тэматыкай. Адзначаецца, што “вымушанае падаўжэнне маршрутаў авіяперавозчыкамі выкліча значнае павелічэнне вугляродных выкідаў, што прама супярэчыць заяўленым ЕС мэтам па пераходзе да “зялёнай“ эканомікі”.

Ведамства сцвярджае, што Беларусь “нязменна застаецца донарам бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне“, а “нядаўні факт аператыўнага ўзаемадзеяння беларускіх сіл СПА з аналагічнымі структурамі Польшчы і Літвы чарговы раз пацвярджае рэальны ўклад нашай краіны ў падтрыманне бяспекі і ўмацаванне даверу ў Еўропе“.

“Менавіта да такога адказнага і канструктыўнага ўзаемадзеяння ў інтарэсах міру і бяспекі Мінск цярпліва заклікае сваіх заходніх партнёраў“, — гаворыцца ў заяве.

Аб тым, што на прапанову аператыўнага камандавання Узброеных сіл Польшчы з 1 гадзіны ночы па мінскім часе 11 верасня да 2 гадзін 59 хвілін 10 снежня 2025 года ўведзена беспалётная зона ўздоўж мяжы з Беларуссю і Украінай, стала вядома 10 верасня.

11 верасня Латвія заявіла, што абмежаванні ў паветранай прасторы ля межаў з Беларуссю і Расеяй пачнуць дзейнічаць з 18 гадзін 11 верасня і працягнуцца “мінімум тыдзень“.

Раніцай 10 верасня польскія ўлады паведамілі аб масавым уварванні расійскіх дронаў на тэрыторыю краіны — першым за тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Паводле інфармацыі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, частка расейскіх дронаў прыляцела ў Польшчу праз Берасцейскую вобласць. Варшава заявіла пра “акт агрэсіі”. Паведамлялася аб адным пашкоджаным жылым будынку. Для нейтралізацыі БПЛА задзейнічаліся сілы як Польшчы, так і іншых краін НАТО.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што парушэнне расійскімі беспілотнікамі паветранай прасторы Польшчы — “не выпадковасць, а наўмысная эскалацыя“.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў прылёт расійскіх дронаў у Польшчу “вельмі небяспечным прэцэдэнтам для Еўропы”.

Начальнік Генеральнага штаба-першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што “па наяўных каналах узаемадзеяння ў перыяд з 23:00 9 верасня да 4:00 10 верасня дзяжурныя сілы і сродкі [Беларусі] абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыёлакацыйнай абстаноўцы з дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі”. “Тым самым апавясціўшы іх пра набліжэнне невядомых лятальных апаратаў да тэрыторыі іх краін“, — дадаў прадстаўнік ваеннага ведамства.

Паводле яго сцвярджэння, гэта дазволіла польскаму боку аператыўна адрэагаваць на дзеянні беспілотнікаў, падняўшы ў паветра свае дзяжурныя сілы.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў пра 19 парушэнняў паветранай прасторы. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі пазней заявіла аб выяўленні сямі БПЛА і “абломкаў адной ракеты невядомага паходжання”, большая частка знойдзеная ў Люблінскім ваяводстве.

Пра тое, што ЗША здымаюць санкцыі з беларускай авіякампаніі “Белавія“, заявіў 11 верасня намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША ва Украіне Кіта Келога Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску.

Падзяліцца: