Міністр інфармацыі патлумачыў існаванне спісу забароненых кніг барацьбой з прапагандай вычварэнстваў
17 верасня, Позірк. Спіс забароненых да распаўсюджвання кніг — гэта “не цэнзура ў класічным разуменні, а аналаг санітарнага кантролю і прышчэпкі адначасова”, заявіў міністр інфармацыі Марат Маркаў 17 верасня.
“Мы проста не прапускаем на паліцы нашай інфармацыйнай прасторы ўсякі бруд”, — прыводзіць ведамства словы Маркава.
Паводле яго сцвярджэння, спіс складаецца з выданняў, якія “заклікаюць да вельмі небяспечных, незаконных ці нават проста агідных з маральнага пункту гледжання рэчаў”.
“Пытанне не ў тым, каб пазбаўляць права выбару. Пытанне ў тым, каб засцерагчы людзей ад чытва, якое працуе як інфармацыйная атрута, маніпулюючы свядомасцю і разбураючы нашы традыцыйныя каштоўнасці”, — сказаў Маркаў.
Чыноўнік сцвярджае, што ўлада такім чынам “не забараняе думаць”, а, “наадварот, агароджвае ад мэтанакіраванага прамывання мазгоў”.
“Калі гаворка ідзе аб абароне нацыянальнага культурнага кода і псіхічнага здароўя нацыі, дзяржава не можа заставацца ўбаку і спадзявацца толькі на тое, што кожны самастойна адфільтруе прапаганду гвалту, нянавісці ці вычварэнстваў”, — заявіў ён.
Кіраўнік ведамства прызнае, што “ў сучасным свеце тэхнічна немагчыма поўнасцю сцерці інфармацыю, усё можна знайсці ў інтэрнэце”: “Але пытанне не ў тэхнічнай магчымасці доступу, а ў грамадскім статусе і легітымацыі”.
“Дазволіць іх легальны продаж — значыць публічна заявіць, што дзяржава абыякавая да распаўсюджвання гэтага бруду і нават гатовая на ім зарабляць падаткамі. Гэтага дапусціць нельга. Беларусь славіцца сваёй чысцінёй. Ва ўсім”, — сказаў на заканчэнне Маркаў.
Спіс друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюджвання на тэрыторыі краіны, упершыню быў апублікаваны ў лістападзе 2024 года. Яго фармаванне стала магчымым пасля ўступлення ў кастрычніку 2023 года змен у закон аб выдавецкай справе.
Апошняе яго абнаўленне было ў пачатку жніўня гэтага года. На дадзены момант у спісе 141 кніга, у тым ліку мастацкая літаратура, сусветныя бэстсэлеры.
Беларускі ПЭН, які дзейнічае за мяжой, назваў спіс забароненых кніг “новай формай цэнзуры”.
У інтэрв’ю тэлеканалу СТБ 7 верасня намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі заявіў, што ў Беларусі распаўсюджваецца шмат “літаратурнай дзындры”.
“Трэба забараняць. Не дазваляць прадаваць, не дазваляць увозіць тое, што сёння можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. І мы гэта робім”, — сказаў чыноўнік.
Гаворачы аб спісе забароненых выданняў, намеснік міністра дадаў: “Магчыма, мы не так актыўна яго прымяняем, як хацелася б”.

- Грамадства, ПалітыкаУ рамках "канцэпцыі рэфармавання медыя ў новай Беларусі" прапануецца ліквідаваць Мінінфарм, стварыць грамадскае вяшчаннеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 16 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка