Мінск 20:43

“Вясна”: Затрыманым за пратэсты дадаюць цяжэйшы артыкул, ім можа пагражаць да 15 гадоў зняволення

Фото: pixabay.com

22 верасня, Позірк. Праваабаронцам стала вядома пра выпадкі, калі затрыманым за ўдзел у пратэстах 2020 года паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) пачалі інкрымінаваць іншы артыкул — 293 (масавыя беспарадкі), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле яго, гэта звязана з тым, што мінула пяць гадоў з моманту некаторых акцый пратэсту і скончыўся тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле арт. 342. Пры гэтым праваабаронцы адзначылі, што пераслед паводле другога згаданага артыкулу працягваецца: “Паводле арт. 293 КК людзям можа пагражаць пазбаўленне волі: ад пяці да 15 гадоў за “арганізацыю масавых беспарадкаў” і ад трох да васьмі гадоў за ўдзел у іх”.

“Вясна” заклікала беларусаў, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі і ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях абавязкова паклапаціцца пра сваю бяспеку і не захоўваць “небяспечныя” фотаздымкі на тэлефонах.

Раней паведамлялася, што ў спісе “экстрэмістаў” пачалі з’яўляцца запісы аб вызваленні некаторых яго новых фігурантаў ад адказнасці “ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення”. У прыватнасці, у абналенні пераліку ад 19 верасня такі запіс датычыцца пяці чалавек.

У ліпені праваабаронцы двойчы паведамляла аб новых рэпрэсіях супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 году. Гэты віток пераследу яны звязвалі з блізкім заканчэннем тэрміну даўнасці прыцягнення да адказнасці паводле арт. 342 КК і публікацыяй польскага дакументальнага фільму, дзе твары ўдзельнікаў пратэстаў не былі заблюраны.

За апошнія пяць гадоў у Беларусі зафіксавана больш за 100 тыс. фактаў рэпрэсій. Не менш за 3.673 чалавекі асуджана за ўдзел у акцыях пратэстах паводле ч. 2 арт. 293 (масавыя беспарадкі) і арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса, паведамляла “Вясна“ з нагоды пятай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў-2020 9 жніўня.

Раней аналітыкі з аб’яднання былых сілавікоў BelPol прыйшлі да высновы, што ў Беларусі па палітычных матывах рэпрэсавана і рэпрэсуецца ў цяперашні час не менш за 500 тыс. грамадзян.

Падзяліцца: