Мінск 13:17

Ціханоўская ў Чыкага заклікала адрадзіць веру ў дэмакратыю і прыхільнасць да свабоды

Фота прадастаўленае офісам Святланы Ціханоўскай

27 верасня, Позірк. Найвялікшай пагрозай дэмакратыі “не заўсёды з’яўляецца гвалт”, часта гэта “страх, сумненні, стомленасць, страта надзеі і памяці пра тое, хто мы ёсць і за што змагаемся”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 26 верасня са штогадовай лекцыяй імя Вацлава Гавела ў Чыкагскім універсітэце (ЗША).

Галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка паведаміў Позірку, што на лекцыі прысутнічала больш за 300 чалавек, сярод якіх былі студэнты і прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці. Перад выступленнем дэмлідар сустрэлася з кіраўніцтвам ВНУ і факультэтаў (“Падзякавала за падтрымку беларускіх праграм і даследаванняў рэгіёну”), беларускай дыяспарай.

“Сёння, стоячы тут пад імем Гавела, я не аплакваю дэмакратыю. Я адраджаю веру ў яе. Давайце абновім нашую прыхільнасць да свабоды. Беларускі народ не здаўся. І свет не павінен здавацца. Разам мы зноў дакажам, што моц тых, не мае моцы, здольная змяніць гісторыю”, — заявіла Ціханоўская.

Спікер падзялілася са слухачамі “некалькімі парадамі і ўрокамі”, якія яна засвоіла за час “сваёй кароткай і выпадковай палітычнай кар’еры”.

“Шануйце тое, што ў вы маеце, — заклікала яна аўдыторыю. — Часта людзі, якія жывуць у дэмакратыі, успрымаюць яе як належнае. Але ў такіх краінах, як Беларусь або Украіна, мы ведаем яе сапраўдны кошт — бо мы ахвяруем усім дзеля яе. Свабода ніколі не бывае гарантаванай. Яе так лёгка страціць і так цяжка вярнуць. Яе трэба абараняць. Берагчы. За яе трэба змагацца — зноў і зноў”.

Ціханоўская заклікала “ніколі не спыняцца шукаць праўду, задаваць пытанні, вучыцца”. Паводле яе слоў, варта захоўваць “адкрыты розум і выкарыстоўваць дзівосныя інструменты, якія сёння маюцца”. Мэта тыраніі, падкрэсліла спікер, заключаецца ў тым, каб прымусіць людзей “блытаць праўду і хлусню”.

“Ніколі не губляйце надзею. Магчыма, адной надзеі недастаткова, але гэта тое, што дапамагае заставацца на плаву ў самыя цяжкія моманты. Людзі, якія толькі што выйшлі з турмаў Лукашэнкі, казалі, што менавіта надзея дапамагла ім выжыць”, — адзначыла яна.

Неабходна слухаць “не толькі розум, але і сэрца”, падкрэсліла дэмлідар. Паводле яе слоў, “эмпатыя, спачуванне і салідарнасць — найвялікшая супермоц”. “Часам жыццё ставіць цябе ў абставіны, калі проста неабходна дзейнічаць”, — дадала палітык.

“І, нарэшце, ніякая барацьба не можа быць выйграная ў адзіночку. Заўсёды патрэбныя сябры, патрэбныя саюзнікі. Патрэбныя агульныя намаганні. Барацьба за дэмакратыю — не лакальная, яна глабальная”, — заявіла Ціханоўская.

Дэмлідар адзначыла, што для беларусаў спадчына Вацлава Гавела — не проста гісторыя, але і цяперашняя рэальнасць.

“Тыя самыя рэпрэсіі, з якімі ён сутыкаўся ў Чэхаславакіі, мы перажываем цяпер у Мінску. <…> Будучы дысідэнтам пры чэхаславацкім камунізме, ён разумеў, што посттаталітарныя сістэмы трымаюцца на хлусні. Што дыктатараў нельга ўлагодзіць. І дыктатараў нельга перавыхаваць. І дыктатараў нельга перавыхаваць. Менавіта Гавел першым забіў трывогу па рускім рэваншызме”, — сказала яна.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: