Мінск 20:59

Беларус здаўся ў палон украінскім вайскоўцам, заявіўшы, што ўступіць у армію РФ яго прымусілі пагрозамі

Відэа: ютуб-канал брыгады "Спартан" Стоп-кадр: “Позірк”

28 верасня, Позірк. Пра паланенне грамадзяніна Беларусі паведаміла 27 верасня 3-я брыгада аператыўнага прызначэння Нацыянальнай гвардыі Украіны “Спартан”.

“Мужчына некалькі гадоў пражыў у Расіі і нядаўна паўстаў перад выбарам, прапанаваным тамтэйшым рэжымам: заключэнне або адпраўка на вайну. Так у пачатку верасня ён падпісаў кантракт і прыбыў ва Украіну”, — адзначае брыгада Нацгвардыі.

Паведамляецца, што ва Украіне беларус “добраахвотна здаўся ў палон”.

“Падчас інтэрв’ю мужчына запэўніў, што гатовы перайсці на бок Украіны, і папрасіў схаваць твар — маўляў, перажывае за сваякоў, якія засталіся ў Беларусі. Мы, як добрапрыстойныя грамадзяне дэмакратычнай краіны, пайшлі насустрач і ўлічылі гэтую просьбу (пакуль)”, — гаворыцца ў паведамленні.

У згаданым інтэрв’ю, апублікаваным на ютуб-канале брыгады “Спартан”, беларус паведаміў, што супрацоўнікі паліцыі ў РФ яго “ўзялі выпіўшага”, пасля чаго паставілі перад выбарам: падпісаць кантракт з расійскім Мінабароны альбо стаць фігурантам крымінальнай справы паводле цяжкага артыкула.

У Расію, паводле слоў мужчыны, ён пераехаў у канцы 2019 года. У палон здаўся “на другі дзень” знаходжання ва Украіне: “Выкінуў аўтамат і проста выйшаў да вашых”.

“Калі ўпершыню ўбачыў разбураныя дамы, пустыя вёскі, палі выпаленыя, лясы… Зразумела, што расіяне нешта робяць не тое. Гэта значыць “рускі свет” тут не патрэбны”, — сказаў беларускі грамадзянін.

Ён адзначыў, што “на свае вочы бачыў тысячы трупаў” расійскіх ва Украіне. “Ляжаць, калі па “лесаполцы” ідзеш — злева, справа, па цэнтры. <…> [Часам бачыш, як] проста ляжыць шкілет у камуфляжы”, — дадаў палонны.

Мужчына назваў вайну “бессэнсоўнай”, бо “нічога, акрамя гора і смерці, яна не нясе”.

“Калі мне прапануюць тут працу, я з задавальненнем. Я назад ні нагой. Яны проста кідаюць [салдат] на забой як гарматнае мяса. Па два чалавекі, па чатыры чалавекі. Там наогул як запалкі [людзі гараць]”, — сказаў беларус.

Ён паведаміў, што ў яго падраздзяленні, акрамя расіян, ваююць егіпцяне і калумбійцы.

Паводле звестак Беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ), з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну кантракт з Міністэрствам абароны РФ заключыў 1.031 грамадзянін Беларусі.

У 2022 годзе кантракт з расійскім Мінабароны падпісала шэсць чалавек, у 2023-м — 235, у 2024-м — 517, з пачатку 2025-га — 157. Яшчэ ў 116 беларусаў дата заключэння кантракта не ўказаная.

Паводле звестак БРЦ, 498 беларускіх кантрактнікаў мелі званне радавога, вядома пра аднаго прапаршчыка. Іншыя званні не называюцца.

Са спасылкай на атрыманыя звесткі Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУВ) Мінабароны расследвальнікі сцвярджаюць, што 105 беларусаў загінула, ваюючы за Расію, 84 прапала без вестак.

Колькі беларускіх грамадзян узята ў палон Узброенымі сіламі Украіны (УСУ), у публікацыі не паведамляецца, аднак яны “на чацвёртым па колькасці месцы пасля узбекаў, таджыкаў і непальцаў”.

Пры гэтым раней украінскі медыяпраект “Слідство.Інфо” адзначаў, што ўсяго ва ўкраінскім палоне знаходзіцца больш за 100 замежнікаў з 32 краін.

Падзяліцца: