Мінск 09:47

Лукашэнка ў чарговы раз зачараваўся ініцыятывай Сі Цзіньпіна па глабальным кіраванні

Архіўнае фота: "Позірк"

1 кастрычніка, Позірк. “Унікальным і годным вывучэння ўзорам арганізацыі палітычнай сістэмы, якая інтэгруе ў сабе каласальныя гістарычны досвед, матэрыяльныя і духоўныя рэсурсы”, назваў Кітай Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 кастрычніка старшыню Сі Цзіньпіна з Днём стварэння КНР.

Палітык, пасланне якога апублікавала яго прэс-служба, заявіў, што ініцыятыва Сі Цзіньпіна па глабальным кіраванні “безумоўна адпавядае” “цвёрдаму перакананню” беларускіх уладаў “у неабходнасці ўзаемадзеяння дзяржаў на прынцыпах выключнага раўнапраўя і справядлівасці”. Ён запэўніў кітайскага кіраўніка, што ў Мінску “гатовыя сумесна супрацьстаяць агульным выклікам, падвышаць дабрабыт і забяспечваць росквіт” народаў дзвюх краін.

Лукашэнка зачараваўся поспехамі КНР у эканамічным будаўніцтве, тэхналагічным прагрэсе, умацаванні глабальнай бяспекі і канстатаваў, што для Беларусі Кітай — “надзейны стратэгічны партнёр і верны сябар”, асобна згадаўшы “рэалізацыю маштабных праектаў у рамках ініцыятывы “Пояс і шлях”, прагрэс індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, паглыбленне прамысловай кааперацыі і гуманітарнага абмену”.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Кітай з 31 жніўня па 3 верасня, у тым ліку, для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і сустрэчы ў фармаце “ШАС плюс” — з кіраўнікамі дзяржаў-назіральнікаў, міжнародных арганізацый, “высокіх гасцей”.

На апошняй Сі Цзіньпін заявіў, што “хацеў бы вылучыць ініцыятыву па глабальным кіраванні і працаваць з усімі краінамі над сумесным стварэннем больш справядлівай і раўнапраўнай сістэмы глабальнага кіравання, а таксама стварэннем супольнасці з агульным лёсам чалавецтва”.

Рэагуючы на ​​заяву, Лукашэнка на саміце заявіў: “Мы цалкам і ўсеабдымна ў Беларусі падтрымліваем вашу ініцыятыву”. “І перш за ўсё за тое, што гэта ініцыятыва заснаваная выключна на раўнапраўі і справядлівасці. Гэта тое, чаго сёння вельмі не хапае ў развіцці міжнародных стасункаў”, — сказаў ён.

Тады ж на сустрэчы з Сі Цзіньпінам Лукашэнка, які наведваў краіну ўжо 16 разоў, выказаў жаданне “нешта пераняць” у палітычным ладзе Кітая.

Падзяліцца: