Ціханоўская ў Капенгагене сустрэлася з Пашынянам і шэрагам еўрапейскіх лідараў

4 кастрычніка, Позірк. На палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕПС) у Капенгагене (Данія) беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам.
“Мы цвёрда падтрымліваем еўрапейскую і дэмакратычную будучыню Арменіі, — напісала палітык 4 кастрычніка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Армяне і беларусы заслугоўваюць жыць у свабодзе і бяспецы. Мы вельмі шануем вашу салідарнасць і з нецярпеннем чакаем больш шчыльнай супрацы”.
У апошнія гады стасункі паміж афіцыйным Мінскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай таму стаў апошні карабахскі вайсковы канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якая падтрымлівалася Арменіяй, спыніла існаванне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.
Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, папракнуў вайскова-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.
У далейшым краіна фактычна спыніла ўдзел у дзейнасці АДКБ, не выходзячы з яе, але паведаміўшы пра такую магчымасць, а Пашынян заявіў, што ні ён, ані іншыя прадстаўнікі краіны не прыедуць у Беларусі да тае пары, пакуль Аляксандр Лукашэнка ва ўладзе. Апошні неаднаразова сваімі дзеяннямі і заявамі пацвярджаў, што падтрымлівае Азербайджан і гатовы дапамагчы яму з аднаўленнем здабытых тэрыторый.
У студзені 2025 года ўрад Арменіі ўхваліў, у лютым парламент прыняў, а ў красавіку прэзідэнт Ваагн Хачатуран падпісаў закон “Аб пачатку працэсу ўступлення Рэспублікі Арменія ў Еўрапейскі саюз”.
8 жніўня 2025 года пры пасярэдніцтве ЗША Пашынян і азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў падпісалі дэкларацыю пра мірныя стасункі.
3 і 4 кастрычніка Ціханоўская паведаміла таксама пра шэраг сустрэч з еўрапейскімі лідарамі на палях саміту ЕПС. Кіраўніку Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен яна падзякавала за “абяцанне выдзеліць 3 млрд еўра на падтрымку рэформ у Беларусі пасля дэмакратычных змен”. “Гэта дапаможа нам стабілізаваць эканоміку і наблізіцца да стандартаў ЕС. Дэмакратычныя змены ў Беларусі непазбежныя”, — адзначыла яна.
Генеральнаму сакратару Савета Еўропы Алену Берсэ беларускі палітык падзякавала за “размову на [саміте] ЕПС”. “Мы павінны ўмацоўваць супрацу паміж Саветам Еўропы ды нашымі дэмакратычнымі сіламі. Кантактная група ўжо шмат чаго дамаглася, але наперадзе яшчэ больш працы. Беларусь вернецца ў Савет Еўропы. Нам трэба больш Еўропы ў Беларусі і больш Беларусі ў Еўропе”, — падкрэсліла палітык.
Па выніках сустрэчы з прэм’ерам Ірландыі Міхолам Марцінам беларускі дэмлідар адзначыла, што гэтая краіна “займае асаблівае месца” ў яе сэрцы (у падлеткавым узросце Ціханоўская пэўны час жыла ў Ірландыі ў рамках праграмы “Дзеці Чарнобыля”). “Кранальна бачыць салідарнасць, якую гэтая краіна праяўляе ў дачыненні да беларусаў. На саміце ЕПС я падзякавала <…> Марціну за падтрымку і абмеркавала далейшую супрацу, у тым ліку ў культурніцкай сферы”, — напісала яна.
Кіраўніку ўрада Фінляндыі Петэры Орпа палітык падзякавала за “рашучую падтрымку беларусаў — праз гуманітарны фонд, прызначэнне спецыяльнага пасланніка для супрацы з дэмакратычнымі сіламі ды іншыя захады”.
2 кастрычніка палітык правяла на палях саміту ЕПС кароткія сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, прэм’ер-міністрам Швецыі Ульфам Крыстэрсанам, прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам, прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Сторэ, прэм’ер-міністрам Балгарыі Расенам Жалязковым, прэзідэнтамі Францыі Эманюэлем Макронам, Малдовы Маяй Санду, і Косава В’ёсай Асмані, прэм’ер-міністрам Ісландыі Крыструн Фростадоўцір.
Акрамя таго, адбыліся сустрэчы са старшынёй Еўрапейскага савета Антоніу Коштам, вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Каяй Калас, кіраўніком Еўрапарламента Рабертай Метсолай, канцлерам Аўстрыі Крысціянам Штокерам.

- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаЗа апошнія пяць гадоў колькасць звольненых нядобрасумленных работнікаў вырасла на 8,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Новы кіраўнік дыпмісіі ФРГ у Беларусі, як і папярэдні, не будзе працаваць на пасадзе амбасадараМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаПраваабаронцы выступаюць за стварэнне міжнароднай следчай групы па звязаных з Беларуссю злачынствахМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаКДК далажыў ураду аб нізкіх тэмпах восеньскіх сельгасработ, сярод прычын — недахоп механізатараў, паломкі тэхнікі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+