Мінск 18:33

З 2020 года сама меней 8.905 чалавек зведала палітычны крымінальны пераслед — ​​”Вясна”

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

6 кастрычніка, Позірк. Крытычная сітуацыя з правамі чалавека захоўваецца, гаворыцца ў справаздачы праваабарончага цэнтру “Вясна” за верасень 2025 года.

Паводле даных праваабаронцаў, агулам з 2020 года сама меней 8.905 чалавек зведала крымінальны пераслед з палітычных матываў. Не менш як 7.565 з іх былі вынесеныя палітычна матываваныя выракі, у тым ліку завочна.

У мінулым месяцы “Вясна” зафіксавала 96 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (уключаючы затрыманні, вобшукі ды інш.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.

Згодна з дакументам, працягваецца пераслед людзей за ўдзел у пратэстах 2020 года, а таксама за іншадумства; назіраюцца сістэмныя рэпрэсіі супраць актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў.

У верасні праваабаронцы зафіксавалі дзявяты выпадак смерці ў няволі асуджанага з палітычных матываў: ад удушша памёр 36-гадовы Андрэй Паднябенны. Мужчына памёр 3 верасня ў калоніі № 15 Магілёва, пра здарэнне паведаміла яго маці.

Паводле інфармацыі “Вясны”, Паднябёны — грамадзянін Расіі, але з 6 гадоў пражываў у Беларусі, маючы дазвол на жыхарства. У 2021 годзе ў рамках закрытага працэсу суддзя Анатоль Сотнікаў прыгаварыў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і 2 арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

За справаздачны перыяд, згодна з дакументам, памілавана 40 палітвязняў дзякуючы намаганням ЗША, усе яны “гвалтоўна дэпартаваныя” ў Літву — за выключэннем апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які адмовіўся пакідаць Беларусь і чыё месцазнаходжанне цяпер невядомае.

Разам з тым, канстатавалі праваабаронцы, колькасць палітвязняў застаецца “вельмі высокай”. За месяц адпаведны статус нададзены 77 людзям, агульная колькасць на 6 кастрычніка — 1.197 (у тым ліку 188 жанчын). Мінімум 180 палітвязняў знаходзіцца ў “асабліва ўразлівым становішчы”.

Пад маркай “барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам” улады працягваюць “сістэматычна душыць незалежныя меркаванні і грамадзянскія ініцыятывы, выкарыстоўваючы пазначэнне і ізаляцыю непажаданых”, адзначае “Вясна”.

“Працягваецца сістэмная практыка катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах няволі; сама меней пяць палітвязняў працяглы час знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада”, — гаворыцца ў справаздачы.

У краіне працягваюцца масавыя затрыманні па справе “Беларускага Гаюна”. “Вясна” пацвердзіла 80 выпадкаў, аднак насамрэч затрыманых можа быць нашмат больш.

Праект “Беларускі Гаюн” быў заснаваны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам ваеннай актыўнасці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

Па меры заканчэння тэрмінаў даўніны па справах за 2020 год затрыманым за пратэсты сталі інкрымінаваць цяжэйшы арт. 293 (масавыя беспарадкі) замест арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), адзначаюць праваабаронцы.

У зняволенні застаюцца прадстаўнікі “Вясны” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка.

Падзяліцца: