BySol мае намер аказаць падтрымку жанчынам, якія пацярпелі ад дзеянняў Стрыжака

8 кастрычніка, Позірк. Пра намер аказаць падтрымку жанчынам, якія пацярпелі ад дзеянняў Андрэя Стрыжака, паведаміў 8 кастрычніка фонд салідарнасці BySol.
“Андрэй Стрыжак пакінуў BySol пасля разбіральніцтва ў справе аб харрасменце, але мы разумеем, што гэтым сітуацыя не вычэрпваецца. Пацярпелым ад сексуалізаванага харрассмента з боку Андрэя Стрыжака нанесеная шкода. І мы як каманда хочам прапанаваць жанчынам сваю падтрымку”, — гаворыцца ў заяве фонду.
Адзначаецца, што BySol ужо пачаў “устанаўліваць кантакт” з пацярпелымі “праз давераных асоб, якія раней дапамагалі камісіі, каб зразумець, якая менавіта дапамога цяпер патрэбная”. Фонд заклікаў жанчын звяртацца “наўпрост” на адрас электроннай пошты [email protected], паабяцаўшы падабраць “найбольш бяспечны і далікатны спосаб зносін”, каб дапамагчы пацярпелым “з максімальнай павагай да <…> ананімнасці і адчувальнасці тэмы”.
Пра сыход сузаснавальніка BySol Стрыжака з арганізацыі стала вядома 29 верасня. У сувязі з гэтым фонд анансаваў “структурныя змены” і “перафарматаванне” дырэктарата.
Раней шэраг арганізацый заявілі аб спыненні супрацоўніцтва з фондам.
24 верасня BySol паведаміў, што спецыяльна створаная камісія рэкамендавала цалкам спыніць супрацоўніцтва з сузаснавальнікам фонду Андрэем Стрыжаком пасля разгляду “12 кейсаў харасмента”.
Стрыжак з рашэннем камісіі не пагадзіўся, назваўшы яго“празмерным і непрапарцыйным як па сутнасці, так і па працэдуры”. Таксама ён паведаміў камісіі аб “асабістых абавязацельствах, накіраваных на выпраўленне нанесенай шкоды”.
У выніку было прынята рашэнне, што Стрыжак працягне працу ў праекце, але ў “абмежаваным фармаце”, у прыватнасці, ён не будзе выконваць кіруючых функцый. Рашэнне аб захаванні супрацоўніцтва было прынята па выніках тайнага галасавання каманды фонду (без удзелу Стрыжака).
21 ліпеня на “Еўрарадыё” выйшаў матэрыял “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі”. У ім сцвярджалася, што кіраўнік BySol Стрыжак высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікі (фатаграфіі свайго палавога члена). Некалькі прадстаўніц фемінісцкай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё”, што ведаюць пра сітуацыю. Ім вядома па меншай меры пра сем падобных кейсаў. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.
23 ліпеня BySol паведаміў, што Стрыжак адхілены ад “кіруючай пасады” і “выканання прадстаўніцкіх функцый” у фондзе салідарнасці. Адзначалася, што адхіленне будзе дзейнічаць у “перыяд правядзення разбіральніцтва”, звязанага з абвінавачваннем Стрыжака ў харасменце.
У той жа дзень Стрыжак на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адзначыў, у прыватнасці, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія не робяць яму гонару”, і папрасіў прабачэння перад усімі, каго яго ўчынкі “маглі абразіць, закрануць або ўстрывожыць”.
Аб’яднаны пераходны кабінет заявіў аб недапушчальнасці любой праявы харасмента або дамаганняў, “выкарыстання свайго статусу ў грамадзянскай супольнасці дзеля паводзін, якія парушаюць асабістыя межы іншых людзей, што закранае, зневажае, абражае жанчын і стварае прастору эмацыйнай, псіхалагічнай і фізічнай небяспекі для іх”.


- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 8 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваУ Мінску сачыць за аплатай паркоўкі будуць з дапамогай мабільных комплексаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка